Шасці настаўнікам з Мінскай вобласці пагражаюць звальненнямі за палітыку.

 Таіса Данілевіч.

Таіса Данілевіч.

 Алесь Язвінскі.

Алесь Язвінскі.

15 студзеня загадчыца ўпраўлення адукацыі Мінаблывыканкаму Таіса Данілевіч прымала ў сябе настаўнікаў, якія з’яўляюцца сябрамі апазіцыйных палітычных партый.

«Раніцай у пятніцу мяне раптоўна выклікалі да начальніка аддзела адукацыі раёна, — кажа настаўнік фізкультуры з Нясвіжа, сябар КХП‑БНФ Алесь Язвінскі. — На службовай машыне павезлі ў Мінск. Нас там было шэсць чалавек.

Данілевіч па адным выклікала да сябе ў кабінет. Хаця яна размаўляе такім тонам, што добра было чуваць, што гаварылася астатнім».

Спадар Язвінскі кажа, што яму было прапанавана напісаць заяву аб выхадзе з партыі, у адваротным выпадку пагражалі звальненнем. «Спн.Данілевіч са мной размаўляць нават не хацела, звярталася толькі да начальніка РАНА. Яшчэ яе абурыў бел‑чырвона‑белы значок, што быў у мяне на пінжаку».

Такія самыя ўмовы былі высунутыя настаўніцы гісторыі з Пухавіччыны Наталлі Ільініч, настаўніку ангельскай мовы з Лагойшчыны Міколу Ляшчуну, настаўніку геаграфіі з Нясвіжчыны Уладзіміру Парэйку, настаўніку фізкультуры з Вілейкі Сяргею Клімёнку, настаўніцы‑дэфектолагу з Любані Надзеі Агафонавай.

Алесь Язвінскі кажа, што выходзіць з партыі не збіраецца, бо ў ёй ад моманту заснавання. «Як я дзецям выкладаць буду, калі зараз адмоўлюся ад сяброўства ў КХП‑БНФ? На ўроках я не вяду прапаганду, але вучу дзяцей патрыятызму», — кажа А.Язвінскі.

А вось Мікола Ляшчун і Надзея Агафонава былі вымушаныя напісаць заявы аб выхадзе з партый БНФ і АГП адпаведна.

Наталля Ільініч жа напісала скаргу ў пракуратуру — кантракт з ёй быў падоўжаны 12 студзеня.

Сваімі дзеяннямі ўпраўленне адукацыі парушае канстытуцыйнае права грамадзян быць сябрамі палітычных партый і арганізацый. А галоўнае — які цынізм, абураюцца настаўнікі. У БРСМ, «Белую Русь» заганяюць, яшчэ і грошы дзяруць на падкормку функцыянераў, з астатніх — выганяюць. І гэта называюць «самай дэмакратычнай сістэмай у свеце».

Глядзі таксама:
Народная воля: Настаўнікаў прасуюць за іншадумства

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?