Як беларусам самаарганізавацца? На ўласным прыкладзе раіць Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага

Захаваць нацыянальную адметнасьць для беларусаў складана нават у сябе на Радзіме. Што тады казаць пра суайчыньнікаў, якія з розных прычынаў апынуліся за тысячы кілямэтраў ад мэтраполіі. Але прыклад іркуцкіх беларусаў сьведчыць: нічога немагчымага няма, калі ёсьць адпаведнае жаданьне.

Рухавіком стварэньня суполкі беларусаў ля Байкалу быў вайсковец Алег Рудакоў, які ў 1995 г. даў у мясцовую газэту «Советская молодежь» просьценькую абвестачку з заклікам адгукнуцца сябрам-беларусам для стварэньня нацыянальнай суполкі. Да гэткага кроку яго падштурхнуў удзел у 4-м зьезьдзе ТБМ, дзе Рудакоў выступіў з прамовай. Пасьля яго доўга распытвалі ўдзельнікі зьезду: ці ёсьць у Іркуцку якая-кольвек суполка беларусаў і колькі там усяго беларусаў, ці ведае што-небудзь пра Яна Чэрскага і г.д. Рудакоў адмоўна хітаў галавой, але паабяцаў знайсьці адказы на ўсе пытаньні. Ён стрымаў слова.

Першапачатковае ядро беларускай суполкі ў Іркуцку склалі пяць чалавек, якія міжсобку перамаўляліся па-расейску. Для Алега Рудакова гэта было непрыймальна, і ён прапанаваў гаварыць на роднай мове. «Цяпер тыя беларусы, зь якімі я пачынаў, адышлі ад беларускіх спраў, – гаворыць Рудакоў. – Але, дзякуй Богу, іх ёсьць ужо кім замяніць».

Нядаўна Алег Рудакоў падрыхтаваў да друку кнігу пра земляка Яна Чэрскага, дзе, апроч біяграфіі падарожніка, будзе паэма пра Чэрскага, якую напісаў аўтар кнігі. Сп.Алег знайшоў грошы на яе выданьне, і кніга неўзабаве мусіць зьявіцца на сьвет.

Сто беларускіх вёсак

«Паводле афіцыйнае статыстыкі, у Іркуцкай вобласьці зараз жыве 50 тысячаў беларусаў, але я ўпэўнены, што гэтая лічба далёкая ад сапраўднай, – кажа сп.Алег. – Вось, прыяжджаю я ў вёску, пачынаю размаўляць з бабуляй, яна і кажа, што сястра ейная беларуска, а сама ўжо расейка. Як так, пытаюся? У вас што – бацькі розныя? Не, кажа. Бацькі адны, але ж сястра ў Беларусі нарадзілася, а я ўжо ў Расеі, таму і расейка. Прычым гаворыць усё на чысьцюткай беларускай. І колькі такіх бабулек, нават і ня зьлічыш. Толькі я ведаю звыш ста беларускіх вёсак у Іркуцкай вобласьці, і штолета, калі выпраўляюся ў пошукі, гэтая лічба павялічваецца. Жывуць у тых вёсках нашчадкі сялян, пераселеных зь Беларусі падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы. Знаходзім такую вёску і адразу спрабуем распачаць у ёй беларускае жыцьцё, калі, канечне, там ёсьць нейкая актыўная моладзь».

Цагліна не перашкодзіць

Алег Рудакоў сьмяецца, што яшчэ пяць гадоў таму думаў: «Калі мне на галаву якая цагліна зваліцца, то на гэтым і спыніцца ўсё беларускае жыцьцё ў Іркуцку. Цяпер я перакананы, што такога ня будзе, бо прыйшла новая пляяда, нашчадкі тых, хто перасяліўся сюды яшчэ за царом і пазьней. Многія зь іх ніколі нават не былі ў Беларусі, але ў іх ёсьць інтарэс да сваіх каранёў, яны вывучаюць мову, чытаюць беларускія кніжкі, ладзяць абрадавыя сьвяты. Гэта мяне як старшыню таварыства і проста беларуса, ня можа ня радаваць».

«Калі толькі стваралася наша суполка, – кажа сп.Рудакоў, – я паставіў сабе за мэту прыцягнуць у арганізацыю больш моладзі, бо толькі ў такім разе мы будзем мець будучыню. А моладзь можна прыцягнуць толькі актыўнай працай, рознымі мерапрыемствамі і сьвежымі ідэямі. І ў нас гэта атрымалася. Сёньня ў Іркуцкай вобласьці восем аддзяленьняў ІТБК імя Я.Чэрскага, а таксама адзінаццаць беларускіх калектываў, якія працуюць у васемнаццаці напрамках. Увесну мы два тыдні ладзілі дні беларускай культуры (хоць першапачаткова плянаваўся толькі тыдзень), цягам якіх прайшла фотавыстава, народныя майстэрні, прэзэнтацыя кніжкі Іркуцкай беларускай паэткі Кацярыны Агарковай «Сонейка», прэзэнтацыя фільму «Акупацыя. Містэрыі», забароненага ў Беларусі».

Прыходзяць нават бураты

Беларуская грамада Іркуцку самая актыўная і вялікая ў горадзе сярод нацыянальных меншасьцяў. «Ва ўкраінцаў няма прытоку маладых, там засталіся адныя пэнсіянэры, – кажа Рудакоў. – Таму ўкраінская моладзь часта ідзе да нас».Прыходзяць таксама расейцы, нават бураты, якія ня маюць ніякіх беларускіх каранёў, але імкнуцца пазнаць беларускую мову, культуру, традыцыі. «Беларускамоўны бурат для Іркуцку ўжо ня дзіва!» – сьмяецца Алег Рудакоў.

У Іркуцку цалкам нармальныя беларускія дыскатэкі, дзе гучыць толькі беларуская музыка. У горадзе выходзіць газэта «Маланка», ёсьць беларуская бібліятэчка.

Разам з Алегам Рудаковым у Беларусь прыехала студэнтка Іркуцкага пэдунівэрсытэту Вольга Галаванава. З Гомельшчыны паходзіць яе прабабуля. Вольга памятае, як яе чаравала прабабціна мова. Але бацькі не дазвалялі ёй размаўляць па-беларуску, хоць малой гэтага вельмі хацелася. Прайшоў час, Вольга выехала на вучобу ў Іркуцк, дзе выпадкова ўбачыла шыльдачку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Зайшла – і засталася. Цяпер яна адна з самых актыўных сябраў моладзевага клюбу «Крывічы».

Вольга размаўляе на чысьцюткай беларускай мове, пры гэтым ня мае аніякіх цяжкасьцяў, падбіраючы да расейскіх словаў беларускія адпаведнікі. Добры прыклад для многіх нашых палітыкаў, на якіх немагчыма глядзець без пакутаў, калі яны пачынаюць прамаўляць па-беларуску.

Сёлета Вольга ўжо другі раз прыехала ў Беларусь, упершыню яна была тут летась на зьезьдзе беларусаў сьвету. Кажа, што знаходзіцца нібыта ў казцы. Па сканчэньні вучобы яна цьвёрда вырашыла пераехаць на гістарычную Радзіму.

Купальле на Ангары

Аднак асабліва шумна і весела адзначаюць беларусы Іркуцку нацыянальныя абрадавыя сьвяты. Сёлета на беларускім Купальлі на Ангары ўдзельнічалі 263 чалавекі, арганізатары зьлічылі абсалютна ўсіх. «Было сапраўднае паломніцтва: людзі дабіраліся да патрэбнага месца аўтобусамі, машынамі, уласным ходам. Пасьля мы танчым, сьпяваем, гуляем усю ноч. Ніхто не сумуе, мы проста не даем такой магчымасьці. На Каляды езьдзім шчадраваць на машынах, ад адной беларускай сям’і да другой».

Гэтыя словы Алега Рудакова слухаеш з зайздрасьцю, бо на Радзіме за такое сьвяткаваньне няцяжка атрымаць суткі арышту. Таму ўсё часьцей сьвяткаваньне Купальля праходзіць у поўнай кансьпірацыі. Невядома, калі ў беларускіх кінатэатрах мы вольна паглядзім фільмы Кудзіненкі. І калі, нарэшце, бураты, што жывуць у Менску і ваколіцах, пачнуць гаварыць па-беларуску.

Алег Рудакоў не заангажаваны ў палітыку, ён не выяўляе прыхільнасьцяў ні да якіх рухаў ці партыяў. Ён такі, якім і мусіць быць нармальны беларус, які шануе сваю мову і сымбалі. Рудакоў самастойна правёў беларусізацыю ў Іркуцку, ён даказаў, што і адзін чалавек з адпаведным жаданьнем можа багата зрабіць, бо няма сумневу, што і ў другіх рэгіёнах Расеі беларусаў жыве ніяк ня менш, чым у Прыбайкальлі, але там няма належнай арганізацыі і жаданьня. Няма, урэшце, Алега Рудакова, таму і вымушаны беларусы забывацца на свае карані, седзячы паасобку. Можа, цяпер што і зьменіцца да лепшага, тым больш, ёсьць добры прыклад іркуцкіх беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?