Як паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў дзяржаўных структурах, канцэрн «Белнафтахім» падрыхтаваў праект загаду, які прадугледжвае павышэнне ўнутраных коштаў на нафтапрадукты з 21 студзеня. Падвышэнне ў сярэднім можа скласці 10%.
І хоць ініцыятыва канцэрну не падтрымана шэрагам дзяржаўных ведамстваў, «Белнафтахім» аргументуе неабходнасць такога кроку стратнасцю ад рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку і пагаршэннем ўмоваў іх экспарту. Апроч таго, ад 1 студзеня на 9% павялічаныя стаўкі акцызаў на нафтапрадукты.
Паказальна, што павышэнне ўнутраных коштаў, уключна з рознічнымі цэнамі на паліва, цалкам знаходзіцца ў кампетэнцыі «Белнафтахіму».
Канцэрн нават не абавязаны ўзгадняць непапулярныя крокі з Міністэрствам эканомікі, якое ёсьць афіцыйным органам цэнаўтварэння.
Апошнім разам кошты на нафтапрадукты падвышаліся на 10% у верасні 2009 году. Тады аргументам быў «рост закупачных коштаў на нафту».