Пытаньне, ці адбіраць у пісьменьніка тытул, разглядае сёньня гарадзкая рада.

Нямецкі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Ґюнтэр Ґрас (Günter Grass) накіраваў ліст мэру польскага Ґданьску, дзе ён нарадзіўся і ганаровым грамадзянінам якога зьяўляецца.

Пасьля таго, як у сваёй новай біяграфіі Ґрас упершыню паведаміў, што ў часе Другой сусьветнай вайны ён падлеткам служыў у войсках СС, у Польшчы прагучалі патрабаваньні пазбавіць пісьменьніка тытулу ганаровага грамадзяніна, які быў прысвоены яму за асаблівы ўнёсак у нармалізацыю і разьвіцьцё ўзаемінаў між дзьвюма суседнімі краінамі. Бурмістар Павал Адамовіч (Adamowicz) паведаміў ў аўторак пра «вельмі цікавае і часам кранальнае пасланьне». Паводле ягоных словаў, Ґрас дае ў ім адказы на «некаторыя пытаньні». Зараз рыхтуецца пераклад тэксту на польскую мову. Ці будзе ён надрукаваны, залежыць ад кіраўніцтва гораду, – паведамляе Deutsche Welle

Gazeta.pl удакладняе, што сёньня гарадзская рада Ґданьску мае прыняць рашэньне у справе ганаровага грамадзянства Ґраса. Між тым, самі жыхары Ґданьску ня бачаць патрэбы адбіраць у пісьменьніка тытул. Такой пазыцыі прытрымліваюцца каля 72% адсоткаў гараджанаў, апытаных на замову гарадзкіх уладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0