У Данецкай вобласьці разьбіўся расейскі пасажырскі самалёт ТУ-154, які ляцеў з Анапы ў Санкт-Пецярбург.
На борце самалёта былі 154 чалавекі, у тым ліку 6 дзяцей. Паводле папярэдніх зьвестак, усе яны загінулі. Пра гэта паведамляюць у Міністэрстве надзвычайных сытуацый Украіны. Расейскае МНС інфармуе, што ўжо знойдзена 30 целаў загінулых.
Паводле ягонай інфармацыі, на борце было 160 пасажыраў і 11 членаў экіпажу. У раёне інцыдэнту ідзе дождж і навальніца. Гэта перашкаджае ратавальным шрубалётам, але пошукова-ратавальныя работы ідуць. Паводле папярэдняй інфармацыі, самалёт усё яшчэ гарыць. Месца катастрофы знаходзіцца каля сяла Раманаўка Дружкаўскага раёну. Гэта прыблізна ў 40 кілямэтрах ад Данецку.
Ігар Кроль, прэсавы сакратар МНС:
– Нашыя ратавальнікі паведамілі, што на борце знаходзіліся 154 чалавекі. Паводле папярэдняй інфармацыі, у самалёце на вышыні 10 кілямэтраў ўсчаўся пажар. Экіпаж прыняў рашэньне рабіць аварыйную пасадку. І, магчыма, зрабілі пасадку зь нявыпушчанымі шасі.
Самалёт належаў расейскай авіякампаніі «Пулкаўскія авіялініі». У Расаэранавігацыі называюць папярэднюю прычыну катастрофы – самалёт трапіў у зону моцнай турбулентнасьці.