У гэтую кнігу можна завітаць з двух бакоў, а на змест натрапіць у сярэдзіне. У гэтым калектыўным зборніку пазычанае пераважае над сваім, пераклад над арыгінальнымі творамі: ад англійскіх рамантыкаў у перакладах Ганны Янкуты, да найноўшага паэта-слэмера Тэйлара Мэлі ў перакладзе Віталя Рыжкова. Ад дзіцячай казкі Яна Бжэхвы «Акадэмія доктара Кляксы» (пер. Алены Пятровіч) да цалкам сталых апавяданняў Германа Гесэ.

Усё не так, як у старэйшых аўтараў: выйшла выніковая кніга конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана, наладжанага Беларускім ПЭН-цэнтрам — «Святая праўда ды іншыя казкі».

Акрамя двухбаковага афармлення і адданасці мастацкаму перакладу, пачэсныя чатыры месцы з 14, у «Святой праўдзе» занялі расейскамоўныя аўтары Беларусі. Чаму такая ўвага да беларускай літаратуры па-расійску?

«Мы ў Беларусі не можам дазволіць сабе раскошы раскідацца таленавітымі літаратарамі, — кажа рэдактар кнігі, адзін з сябраў журы конкурсу маладых літаратараў, Андрэй Хадановіч. — Пагатоў выспела колькі літаратараў, які хоць і пішуць па-расійску, але лічаць Беларусь сваёй краінай, асэнсоўваюць вузлавыя скрыжаванні і праблематыку беларускай культуры, якія знаходзяцца, прынамсі часткова, у беларускім эстэтычныім полі».

Што да расейскамоўнасці, маюць укладальнікі кнігі і лінгвістычнае алібі. «Ад нашых расейскамоўных аўтараў і наўпроставы ўнёсак у беларушчыну: яны перакладаюць беларускую літаратуру на расійскую, — дадае Хадановіч, — Тут варта адзначыць Паўла Анціпава з перакладамі вершаў Віктара Жыбуля і Кацярыну Зыкаву, якая зрасейшчыла Веру Бурлак».

Апякуючыся расейскамоўнымі літаратарамі Беларусі, арганізатары конкурсу маюць за прыклад паэта Дзмітрыя Дзмітрыева. Колькі гадоў таму таленавіты расійскамоўны паэт (пасля пэўных ваганняў асобных сяброў журы, трэба заўважыць) быў уключаны ў спіс фіналістаў конкурсу, а неўзабаве перайшоў на беларускую: заняўся паліндромамі і яскравай моватворчасцю.

Укладальнікі абяцаюць, што прэзентацыю кнігі «Святая праўда ды іншыя казкі» адбудзецца не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.

«Паездкі з прэзентацыямі ўкладаюцца ў канцэпцыю конкурсу: трэба, каб пачаткоўцы, так бы мовіць, паварыліся ў соку адзін аднаго ды адчулі сваю публіку, бо тое неабходныя ўмовы для літаратурнага працэсу, — заўважае Андрэй Хадановіч. — У дадатак мы хочам, каб у маладых людзей па ўсё краіне беларуская літаратура асацыявалася не толькі з сівымі класікамі. Каб маладыя людзі бачылі на сцэне жвавых, крэатыўных раўналетак, які эксперыментуюць і дыхаюць з імі адным паветрам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?