Судовае пасяджэнне паводле пазову сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Георгія Дзмітрука да Белтэлерадыёкампаніі пачнецца 12 лютага ў судзе Першамайскага раёна Мінска.

У перадачы «Панарама тыдня», якая выйшла ў эфір 13 снежня 2009 года на Першым нацыянальным канале, у сюжэце, прысвечаным дзейнасці БХД, былі паказаныя размешчаныя ў інтэрнеце заявы »прадстаўніц старажытнай прафесіі Вольгі, Лены і Вольгі», якія абвінавацілі Дзмітрука ў запазычанасці за «паслугі». У гукавых файлах нібыта запісана размова гэтых жанчын лёгкіх паводзінаў, якія патрабуюць ад Дзмітрука аплаціць паслугі ў абмен на маўчанне.

Дзмітрук у пазоўнай заяве патрабуе прызнаць,

што гэтыя звесткі не адпавядаюць сапраўднасці, абвергнуць іх у той жа праграме і спагнаць з Белтэлерадыёкампаніі ў якасці кампенсацыі маральнае шкоды 128 млн рублёў.

Паводле яго слоў, 26 студзеня адбылося папярэдняе пасяджэнне па гэтым іску. Яго правяла суддзя Вольга Багам’я.

«На працэсе прысутнічалі прадстаўнікі юрыдычнай службы Белтэлерадыёкампаніі і аўтар сюжэту Юрый Пракопаў. З майго пункту гледжання, ён заняў вельмі дзіўную пазіцыю. Паводле яго слоў, сюжэт, які выйшаў у эфір, — гэта яго асабістае меркаванне. Аўдыёзапіс «Вольгі, Лены і Вольгі» ён узяў з інтэрнету, а паколькі сюжэт — яго асабістае меркаванне,

правяраць сапраўднасць інфармацыі ён не палічыў патрэбным.

Я ж са свайго боку неаднаразова падкрэсліў, што закон аб сродках масавай інфармацыі абавязвае журналіста правяраць інфармацыю на праўдзівасць», — сказаў Дзмітрук.

Пры гэтым, як паведаміў Дзмітрук,

Пракопаў не змог растлумачыць, дзе ён узяў аўдыёзапіс і не змог дакладна назваць інтэрнет‑крыніцу,
з якой была атрымана інфармацыя. Суд запатрабаваў ад прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі прадставіць гэтую інфармацыю да пасяджэння, якое пачнецца 12 лютага ў 10 гадзін раніцы, сказаў Дзмітрук.

Актывіст таксама зазначыў, што 22 студзеня суддзя Багам’я адмовіла ў задавальненні пазову сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні БХД Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага да Белтэлерадыёкампаніі, якія таксама патрабавалі абвяржэння інфармацыі, што прагучала ў дачыненні да іх у эфіры Першага канала. «Таму я не думаю, што суд прыме мой бок», — зазначыў Дзмітрук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?