Дырэктарка Дому польскага ў Івянцы Тэрэса Собаль сёньня была на допыце ў Валожынскім РУУС. Начальнік сьледчага аддзелу маёр Аляксандар Шульга паведаміў, што яна пазбаўлена права выяжджаць за межы краіны. У яе таксама ўзялі адбіткі пальцаў.

Тэрэсу Собаль падазраюць, згодна з другой часткай артыкула 210 Крымінальнага кодэксу, у злоўжываньні службовым становішчам. Больш за пяць гадоў таму кіраўніцтва Саюзу палякаў выдзеліла ёй грашовую дапамогу — шэсьцьсот тысяч рублёў. Гэта сьледзтва лічыць парушэньнем, хаця ад часу падзеі мінула больш за пяць гадоў і тэрмін даўнасьці прайшоў. Тэрэса Собаль зазначае, што грошы ёй выдзелілі пры канцы 2004-га, бо цягам году яна не атрымлівала заробку.

Собаль: «Я адчуваю толькі тое, што ёсьць жаданьне ва ўлады прынізіць годнасьць чалавечую, прынізіць чалавека, прыпісаць яму тое, чаго ён ніколі не рабіў. Але там таксама, напэўна, сумленныя людзі ёсьць. Экспэртыза, у якой параўноўвалі характар почырку, прызнала, што гэта ня я ставіла подпіс. Якім чынам я магла ў Горадні паставіць свой подпіс?

Па-другое, заўтра наш ансамбль «Крэсавянка» выяжджае на канцэрт дабрачынны ў Польшчу, і, напэўна, яны думалі, што паехала б таксама і я, і таму мне далі забарону выезду. Але я не зьбіралася ехаць, бо не магу ў такой крытычнай сытуацыі пакінуць Дом польскі. Сёньня я адчуваю падтрымку людзей, іхнія малітвы, учынкі, ад якіх адчуваю сілу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?