Бюджэт Мінска на 2010 год складае каля $2 мільярдаў. Яго можна без іроніі назваць сацыяльным —

больш за 40% выдаткаў пойдзе на адукацыю, ахову здароўя, культуру і спорт.

Напрыклад, адукацыя запатрабавала $385 мільёнаў (19% бюджэта), на ахову здароўя амаль столькі ж, $381 мільён. Мінская культура разам з мінскім спортам ацэньваюцца ў $76 мільёнаў (4%).

Варта ўдакладніць, што выдаткі на міліцыю, армію і КДБ вылічваюцца з рэспубліканскага бюджэта і на мясцовым узроўні не ўлічваюцца.

Ад агульнага — да прыватнага

Цікавасць уяўляе спіс «невытворчага абсталявання і прадметаў працяглага выкарыстання». Праўда, ён мае відавочны недахоп для дэталёвага аналізу. Дзесяткі пакупак уключаюцца ў адну лічбу. Напрыклад, Мінгарыканкам замовіў сабе кампутары, наборы мэблі, дываны, маршрутызатар, сервер рэзервовага капіравання, кампутарную інфармацыйную сістэму, сканеры, жалюзі ў ратушу, праграмна-апаратны комплекс і абсталяванне для правядзенняў паседжанняў выканкамама на суму ў $140 тысяч. Здаецца, зашмат, але чагосьці канкрэтнага, каб абурыцца, не вылучыш.

Але сустракаюцца і больш зразумелыя сітуацыі. Адміністрацыя Першамайскага раёна не стала прасіць у бюджэтнага Дзеда Мароза доўгі спіс падарункаў. Лаканічна і проста — патрэбныя кампутар (1 шт.), кандыцыянер (1 шт.) і ксеракс (таксама 1 шт.). У выніку на тры пакупкі выдзеленыя 20 мільёнаў рублёў ($7 тысяч).

Няхітрыя падлікі — кандыцыянеры у інтэрнэт-крамах на партале shop.by каштуюць ад $156 за самую прымітыўную мадэль да $1560 за самую дарагую. Няма сумневаў, што саграваць раённую адміністрацыю трэба па найвышэйшым разрадзе. Купляем і ідзем далей. Самы круты кампутар, каб у вольны час чыноўнікі маглі б пагуляць у высокатэхналагічныя стралялкі, абыйдзецца бюджэту ў $2000. Такім чынам, нават пры такіх падліках

на прыдбанне ксеракса застаецца ўсяго нічога — як мінімум $3440. Ці не задорага?

Юнацкі камбайн

Але што праблемы чыноўнікаў у параўнанні з тым,

як пакутуе хакейны клуб «Юнацтва-Мінск» без новага лёдазалівачнага камбайна?! Яго купяць абавязковага. Вось толькі абыйдзецца гэта бюджэту ў $158 тысяч.
Ці шмат мінчан хацелі б, каб іх падаткі ішлі менавіта на прыдбанне такога апарата? Варта ўдакладніць, што 37% даходаў бюджэту складаюць падаткі фізічных асобаў. Так што можна лічыць, што $57 тысяч на лёдазалівачны камбайн сабралі гараджане.

Трывала прыкруціўся да сталічнага бюджэта футбольны клуб «Мінск». Апроч звычайнай спонсарскай дапамогі, яго збіраюцца і адрамантаваць, і замяніць вентыляцыю, і нават давесці да ладу тамбур. Агульны кошт рамонтных прац — $210 тысяч.

План на год — $21 мільён штрафаў

Калі ўжо гаворка зайшла пра напаўненне бюджэта, можна адзначыць экстрасенсорныя навыкі чыноўнікаў. Напрыклад, яны загадзя ведаюць, што штрафаў будзе сабрана на $21 мільён. Псіхалагічныя здольнасці да вядзення перамоў даюць гарантыю, што ахвяраванняў будзе атрымана на $460 тысяч — ні больш, ні менш.

Колькі слоў пра прыярытэты Мінгарвыканкама. Суседнімі радкамі ў ім ідуць выдаткі на рэстаўрацыю Свята-Петрапаўлаўскага сабора і замена шклапакетаў у будынку Мінгарвыканкама з боку вул. Свярдлова. Будынак з «боку вуліцы Свярдлова» цягнецца 50 метраў. Тым больш што патрабуецца, увага, замена (!) шклапакетаў. Не ўстаноўка, а толькі замена. Відаць, старыя чыноўнікам чымсьці не падабаюцца. Карацей, да лічбаў.

Шклапакеты ў офісны будынак — $88 тысяч. Сабор — $70 тысяч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?