На 24 жніўня беларускія сыноптыкі выдалі штармавое папярэджаньне. На Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Меншчыне чакаюць залевы з моцным ветрам і паніжэньне тэмпэратуры да 17-19 градусаў.

Менская ДАІ нагадвае пра тое, што ў залевы на трэць павялічваецца аварыйнасьць і раіць аб’яжджаць вуліцы Нямігу, Харкаўскую, Сталетава, Інтэрнацыянальную, праспэкт Дзяржынскага і плошчу Бангалор, - паведамляе СТВ

Зрэшты, патэнцыйна небясьпечныя любыя нізкія мясьціны ў горадзе. У гэты панядзелак вада зьбіралася нават на плошчы Перамогі ў цэнтры сталіцы.

Яно й ня дзіва:

– Ліўневая каналізацыя не разьлічаная на такую інтэнсіўнасьць дажджу, - распавёў дырэктар УП «Гаррамліўнесьцёк» Віктар Доўнар «Комсомольской правде» в Белоруссии». – У панядзелак менш як за дзьве гадзіны (з 15.30 да 17.45) выпала 12,9 мм ападкаў. Калі б такая колькасьць ападкаў выпала за 4-5 гадзінаў, каналізацыйныя сеткі справіліся б з гэткім аб’ёмам вады, і затапленьняў не было б. У свой час ліўневая каналізацыя ў Менску не была прадуманая да канца, дзе-нідзе былі дапушчаныя памылкі, якія мы зараз спрабуем выпраўляць. Каб засьцерагчы горад ад затапленьняў, прынятыя рашэньні Менгарвыканкаму пра разьвіцьцё сеткі дажджавой каналізацыі. Але ўрэчаісьніць праектныя рашэньні няпроста: горад забудаваны, у ім пракладзеныя лініі мэтро. Каб ня зносіць дамы і не перакрываць рух, плянуецца закупіць комплекс мікратанэлінгу, з дапамогай якога можна будзе бурыць пад зямлёй каналы для трубаправодаў па прынцыпе крата. Гэты комплекс каштуе 3,5 мільёна эўра. і горад плянуе набыць яго пры канцы гэтага году, альбо ў пачатку наступнага. Апроч гэтага, мы закупілі машыну для ачысткі вялікіх магістральных калектараў коштам 911 мільёнаў рублёў. У першую чаргу мы будзем вырашаць праблему ў цэнтры гораду, потым у астатніх раёнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0