Лідзія Ярмошына правяла прэс-канферэнцыю, прысвечаную вынікам фарміравання выбарчых камісій на мясцовыя выбары.

Старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла, што сярод прадстаўнікоў палітычных партый найбольш асобаў у склад выбарчых камісій трапіла ад Камуністычнай партыі Беларусі – 75 чалавек. Далей ідуць: «Справядлівы свет» – 9 (з 21 прэтэндэнта), ЛДПБ – 7(з 9), АГП – 4(з 14), Аграрная партыя – 2 чалавекі. Сярод грамадскіх арганізацый першае месца па колькасці сяброў выбарчых камісій атрымалі БРСМ – 527 чалавек, і «Белая Русь» – 517 чалавек.

Каментуючы невялікую колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якія прайшлі ў склад выбарчых камісій, Л.Ярмошына назвала прычынай гэтага юрыдычную недасведчанасць палітычных партый. Яны, нібыта,праз свае абласныя структуры прасоўвалі прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ніжэйшага ўзроўню.

«Быў парушаны прынцып адпаведнасці. У магілёўскай вобласці «Справядлівы свет» прапанаваў свайго прадстаўніка. Абласная арганізацыя ў гарадскую камісію. Іншыя прыклады такія былі» -- адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама. Лідзія Ярмошына таксама запэўніла прысутных, што

«Мяне не цікавіць палітыка. Выключна выкананне законаў – Выбарчага кодэкса. У мяне ніякіх прэтэнзій да органаў, якія фарміравалі выбарчыя камісіі, няма».

Прадстаўнік АГП, Ігар Шынкарык, пракаментаваў «НН» выказванні старшыні Цэнтрвыбаркама: «У нашай партыі не было выпадкаў парушэння прынцыпа адпаведнасці. Усе ведаюць, што гарадскія аддзяленні маглі прапаноўваць свайго прадстаўніка толькі ў гарадскія выбарчыя камісіі.

Я мяркую, што ўсё як было, так і будзе. Гэта ўсё толькі касметычныя змены. Першы этап яскрава ўсё паказаў. Мы ўпэўненыя, што ў шараговыя камісіі амаль нікога з апазіцыі не ўключаць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?