Указ аб рэгуляванні нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт распрацаваны «для людзей і з клопатам пра людзей», заявілі ў Аператыўна‑аналітычным цэнтры (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі, каментуючы падпісаны 1 лютага дакумент.

Як зазначыў суразмоўца агенцтва, для распрацоўкі ўказа была створана рабочая група, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. «Пры распрацоўцы дакумента ўлічваўся вопыт іншых краін. Без гэтага вопыту мы не маглі яго ніяк распрацаваць, таму што ёсць розныя падыходы да рэгулявання гэтай дзейнасці. У асноўным улічваўся вопыт такіх перадавых у гэтым пытанні краін, як Германія, Швецыя, ЗША, Францыя. Таксама ўлічвалі вопыт Казахстана, дзе дастаткова сур’ёзна прасунуліся ў гэтым пытанні», — сказаў прадстаўнік цэнтра.

Адным з абавязкаў ААЦ у адпаведнасці з указам будзе арганізацыя бяспекі інфармацыі пры выкарыстанні інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет.

Найперш, растлумачыў супрацоўнік цэнтра, размова ідзе пра «тэхнічныя меры абароны інфармацыі». «Яны прадугледжваюць — з указа гэта бачна — правядзенне сертыфікацыі і стандартызацыі. Нікому не прыемна, калі якісьці з элементаў не з’яўляецца сертыфікаваным, і потым пачынаюцца праблемы з ім у карыстальнікаў. Таму стандартызацыя і сертыфікацыя гэтай прадукцыі павінна быць, і яна будзе распрацавана ў адпаведнасці з гэтым указам», — заявіў прадстаўнік ААЦ.

Апрача таго, у адпаведнасці з указам цэнтр сумесна з Мінсувязі вызначыць пералік аператараў электрасувязі, якія маюць «права на пропуск міжнароднага трафіку». «У хуткім часе — месяц‑два — гэта будзе зроблена», — удакладніў суразмоўца. Пры гэтым ён падкрэсліў, што РУП «Белтэлекам» «быў, ёсць і застаецца ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь нацыянальным аператарам». «Але не факт, што ён па‑ранейшаму будзе манапалістам у даванні знешняга канала. Мы паглядзім, вызначымся, права такое цяпер ёсць, будзем вывучаць гэтае пытанне», — сказаў супрацоўнік ААЦ.

Цяперашні парадак рэгістрацыі даменных імёнаў «асабліва мяняцца не будзе».

«Ён паказаў сваю жыццяздольнасць, ён дзейнічае. Вядома, што ён будзе перапрацаваны ў адпаведнасці з гэтым указам. Для таго каб заканадаўства ўсё ўзаемаўвязвалася, спатрэбіцца невялікая дапрацоўка ў частцы тэрміналогіі, у частцы тых працэсаў, якія будуць адбывацца ў краіне ў адпаведнасці з гэтым указам», — зазначыў суразмоўца.

Кажучы пра магчымасць абмежавання доступу да інтэрнет‑рэсурсаў па запыце карыстальніка,

супрацоўнік ААЦ зазначыў, што ў гэтай частцы ўказа «выкарыстоўвалі перадавы вопыт». «Увесь прагрэсіўны свет пайшоў па шляху самакантролю. Раней калі карыстальнік прасіў у правайдэра ўстанавіць фільтры і закрыць доступ да нейкіх сайтаў, то правайдэр мог адмовіць. Зараз ён адмовіць не можа, таму што ў адпаведнасці з указам абавязаны паставіць такі фільтр», — сказаў прадстаўнік цэнтра.

Суразмоўца зазначыў, што закрыцця доступу да апазіцыйных сайтаў не плануецца.

«Калі сайт апазіцыйны, то ў гэтым няма нічога страшнага. Я ведаю, што ў Адміністрацыі прэзідэнта, у Саўміне можна прыйсці і спакойна купіць любую апазіцыйную газету, ніякіх праблем няма. Пытанне ў тым, што ніхто не павінен выходзіць за межы дазволенага, таго, што дазволена заканадаўствам», — заявіў ён.

Разам з тым ААЦ сумесна з Мінсувязі даручана ўстанавіць парадак абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнет‑паслуг да »інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі». «Калі будзе ўстаноўлена, што на якімсьці інтэрнет‑рэсурсе размешчана забароненая інфармацыя, то будзе выдадзена правайдэру прадпісанне (абмежаваць доступ да сайта.). Доступ можа быць закрыты да рэсурсаў экстрэмісцкага характару. У многіх краінах забаронены, напрыклад, доступ да інтэрнет‑рэсурсаў «Аль‑Каіды», — зазначыў суразмоўца, падкрэсліўшы, што ўнясенне рэсурсу ў такі спіс можна будзе абскардзіць.

Супрацоўнік ААЦ падкрэсліў, што «нармальны просты законапаслухмяны чалавек гэтага ўказа нават не адчуе». Паводле яго слоў, адзінае, што адчуе звычайны карыстальнік, — гэта зніжэнне кошту паслуг інтэрнет‑аператараў, бо «з’явіцца канкурэнцыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?