14 жніўня

З актывістам АГП Маратам Афанасьевым з Жлобіна не прадоўжылі працоўнага кантракту: ён 20 гадоў адпрацаваў на Беларускім мэталюргічным заводзе. Звальненьне адбылося ў дзень нараджэньня актывіста. Ён дэпутат, і звальненьне трэба ўзгадняць з гарсаветам, чаго не рабілася.

Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» падала апэляцыю ў Гаспадарчы суд Менску, патрабуючы пакінуць ёй будынак.

15 жніўня

Дырэктар Магілёўскага заводу штучнага валакна адмовіўся сустракацца з кіраўніцтвам прафсаюзу РЭП, каб вырашыць праблему прафсаюзу на прадпрыемстве.

16 жніўня

У Горадні рэдактара часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie» Андрэя Пачобута выклікалі на допыт у міліцыю. Сьледчага Ленінскага РУУС цікавіла, хто фінансуе выданьне і ці атрымліваў журналіст грошы ад польскіх калег, каб сплаціць леташні штраф 2500 даляраў за несанкцыяваны пікет. 18 жніўня актывістаў Саюзу палякаў А.Пачобута, Мечыслава Яскевіча і Ігара Банцара затрымалі, зьвінаваціўшы, што яны заміналі здымкам дзяржаўных журналістаў. Каб сарваць паседжаньне Рады СПБ, прызначанае на 19 жніўня, ДАІ некалькі разоў спыняла машыну Віктара Мацулевіча, які ехаў з Браслава. У Мазыры Майну Шмаргун выклікалі на 19-га «для размовы» ў КДБ. А ў Наваградку Вайцеха Барадзіна тэрмінова выклікалі ў ДАІ для праверкі дакумэнтаў на аўтамабіль.

Адміністрацыя бабруйскага заводу «Белшына» адмовілася распаўсюджваць дзеяньне калектыўнай дамовы на сяброў Беларускага незалежнага прафсаюзу і ня выплаціла ім 75% прыбаўкі да адпачынку на аздараўленьне, парушыўшы Працоўны кодэкс.

Падатковая інспэкцыя Магілёва аштрафавала на 4 базавыя велічыні актывіста ПКБ прафэсара Валера Беразіенку за тое, што на партыйнай сядзібе няма кнігі заўваг і прапановаў. Яшчэ аднаго актывіста ПКБ Валер’я Заўялава аштрафавалі на 10 б.в. за збор складак паводле састарэлых ведамасьцяў.

Недзяржаўная газэта з Баранавічаў «Intex-press» выйграла суд у дырэктара абутковай фабрыкі, які вінаваціў выданьне ў зьнявазе гонару і годнасьці.

На акцыі Дзень салідарнасьці ў Менску затрымалі Аляксандра Спрагоўскага, Віталя Стажарава, Яўгена Навінскага, апранутых у майкі з патрэтамі зьніклых, і яшчэ 7 чалавек. У пастарунку міліцыянты сьпярша склалі рапарты пра «несанкцыяваны сход», а потым адпусьцілі маладых людзей без пратаколаў.

У Гомелі на флэш-мобе «для высьвятленьня асобаў» затрымалі каля 10 юнакоў: іх зьнялі на відэакамэру і адпусьцілі без пратаколаў.

Падчас флэш-мобу на Дні салідарнасьці ў Магілёве затрымалі 10 чалавек – «для высьвятленьня асобаў». Пасьля акцыі падчас распаўсюду незалежнай прэсы затрымалі Сержука Нягаціна.

17 жніўня

У Гомелі з ініцыятывы адміністрацыі чыноўнікі Мін’юсту забаранілі суполку прафсаюзу РЭП у аўтобусным парку №1.

Вярхоўны суд не задаволіў касацыйнай скаргі ГА «Інавацыйны фонд прававых тэхналёгіяў», афіцыйна скасаваўшы арганізацыю.

18 жніўня

Актывісты прафсаюзу РЭП Уладзімер Тузаў і Галіна Драздова выйгралі суд у Магілёўскага заводу штучнага валакна: з звольненымі яшчэ ўвесну актывістамі не разьлічыліся цалкам, а Тузаву яшчэ і не адразу аддалі працоўную кніжку.

20 жніўня

У Мядзелі актывіста АГП Андрэя Абалевіча выклікалі на допыт у міліцыю: даставіў яго начальнік раённага крымінальнага вышуку. Актывіста хацелі зьвінаваціць, што ён зрабіў «антыдзяржаўныя» графіці «Дастаў» і «Надакучыў».

21 жніўня

На волю выйшлі актывісты «Партнэрства» Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка.

Стала вядома, што яшчэ 3 жніўня Вярхоўны суд ліквідаваў ГА «Беларускія фабрыкі думак». Паседжаньне адбылося пры адсутнасьці адказчыка.

У Берасьцейскім раёне каля Страдзічаў міліцыянты затрымалі аўтобус з 26 маладымі сацыял-дэмакратамі, якія ехалі на летнік ва Ўкраіну. Пасьля ператрусу і асабістага надгляду маладых людзей адпусьцілі, а аўтобус затрымалі як «тэхнічна няспраўны».

На беларуска-польскай мяжы затрымалі аўтамабіль актывіста БСДП (Г) Алега Воўчака: у яго канфіскавалі кнігу пра Юр’я Захаранку і кнігі «Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ў 2006 годзе. Факты. Камэнтары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?