Рэфэрэндум па прыняцьці Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі можа адбыцца ў найбліжэйшы час. Да такой высновы прыйшлі беларускія палітолягі 24 жніўня на падставе дакладу, зробленага распрацоўшчыкамі дакумэнту.

У прыватнасьці, паводле словаў старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалая Чаргінца, праект саюзнай Канстытуцыі падрыхтаваны на 99 адсоткаў і можа быць вынесены на народнае абмеркаваньне.

Адзін працэнт недапрацоўкі зьяўляецца, па сутнасьці, пытаньнем, адказ на які павінны даць толькі прэзыдэнты Расеі і Беларусі. Яго фармулёўка простая: ці будзе ў саюзнай дзяржаве адзіны прэзыдэнт ці ўсе найважнейшыя пытаньні ў саюзе будуць прымацца калегіяльна, на эўрапейскі манер.

Мікалай Чаргінец ня выключыў, што на нефармальным саміце ў Сочы прэзыдэнты вызначыліся з адказам, але прамой каманды ўвесьці дакладную фармулёўку ў заканадаўчы акт яшчэ ніхто не рабіў.

Тым часам распрацоўка Канстытуцыйнага акту павінна быць скончана да канца гэтага году. А магчыма і раней. На думку распрацоўшчыкаў, народу трэба даць час азнёміцца з прапанаваным варыянтам і уступіць у дыскусію з ўладамі ў прэсе. На крытыку кіраўніцтва абедзьвюх дзяржаў мае намер адвесьці месяц ці два.

Са скарочаных тэрмінаў абмеркаваньня можна зрабіць выснову, што ўлады сьпяшаюцца з прыняцьцем дакумэнта. У сваім выступе Чаргінец пагадзіўся з думкай расейскай прэсы і Паўла Барадзіна наконт таго, што рэфэрэндум пройдзе ў гэтым годзе. Але падкрэсьліў, што Барадзін і прэса неаднаразова памыляліся з прагнозамі.

Белорусский партизан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0