Працяг. Пачатак у №№2930

Вольскі

Вашае пытаньне «Хто Народны?» прымусіла досыць падумаць. І не таму, што людзей, якія вартыя гэтага званьня, няма, а наадварот таму, што ў галаве адразу ўзьнікаюць розныя прозьвішчы: У.Арлоў, А.Федарэнка, М.Анемпадыстаў...

Разважала я ў тым напрамку, што Народны мусіць быць ня проста пісьменьнікам, але перш за ўсё аўтарытэтам сярод грамадзян, мець цьвёрдыя грамадзянскія перакананьні.

Разважаючы такім чынам, я прыйшла да высновы, што гэтага званьня годны рок-музыка і літаратар Лявон Вольскі. Дзякуючы творчасьці гэтага чалавека, беларуская моладзь пачала вяртацца да свае мовы, паважаць і любіць яе, размаўляць на ёй.

Яго песьні ва ўмовах аўтарытарызму – глыток сьвежага паветра, які натхняе на змагарства за свабоду і за Бацькаўшчыну.

Галасую за Лявона Вольскага.

Г. зь Менску

Анемпадыстаў

«Хто Народны?» Пытаньне, дарэчы, цяжкае, бо прэтэндэнтамі Радзіма багатая.

Хацелася б прапанаваць спадара Міхала Анемпадыстава, бо ягоныя вершы – адлюстраваньне ягонай адданасьці Беларусі, а сапраўдны Народны пісьменьнік перш за ўсё павінен быць адданым Бацькаўшчыне.

Далей тое, што спадар Анемпадыстаў піша вершы ў выглядзе тэкстаў для рок-музыкі, надае ягонай творчасьці значнасьць у пляне ўплыву на настрой моладзі й грамадзтва ўвогуле. Рок – сацыяльная зьява, асабліва ў межах нашае рэчаіснасьці, і сучасная паэзія наагул, на маю сьціплую думку, набывае сацыяльную вастрыню менавіта ў выглядзе рок-тэкстаў.

Таксама няможна не адзначыць ягоны ўнёсак у аднаўленьне нашае роднае мовы.

Кася зь Менску

Хай выбіраюць самі Народныя

Пытаньне пра спадкаемства ў шэразе Народных пісьменьнікаў Беларусі паўстае своечасова. У час этнацыду, калі ўсё, што сьведчыць пра багатую культуру ды гісторыю нашага краю, нішчыцца мэтанакіравана, як ніколі патрэбны тыя людзі, тыя сымбалі, вакол якіх можа яднацца ўсё, што зьвязана зь беларускасьцю.

Як пазначыў у сваім артыкуле Віталь Сіліцкі, непалітычнае дэмакратычнае змаганьне, пошук шляхоў існаваньня ў свабодзе і пашырэньне тэрыторыі вольнага грамадзтва ў паняволенай краіне – адзіная магчымасьць вытрываць для беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Вышэйпазначанае мае дачыненьне да пытаньня пра тое, ці ёсьць сэнс у вызначэньні новых Народных пісьменьнікаў. Калі гэтую ідэю задушыць цяпер, то гэта будзе найвялікшай несправядлівасьцю ў адносінах да беларускае культуры.

Што да мэханізму вылучэньня новых Народных пісьменьнікаў, то існуюць тры патэнцыяльныя варыянты. Зь іх найбольш прыдатны – вызначэньне новых Народных пісьменьнікаў тымі, хто ўжо мае гэты ганаровы тытул. Каб быць больш пераканаўчым, прапаную каротка агледзець кожны з трох магчымых шляхоў.

Першы – вызначэньне Народных пісьменьнікаў народам праз сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў.

Гэта найгоршы варыянт, улічваючы сучасны стан грамадзтва.

Другі шлях – вызначэньне Народных аўтарытэтнай установай накшталт Саюзу пісьменьнікаў ці ПЭН-Цэнтру.

Таксама не найлепшы варыянт. Па-першае, кожная з прапанаваных установаў ня вельмі вядомая шырокаму грамадзтву і, верагодна, ня мае дастатковага аўтарытэту, каб узнагароджваць такім высокім тытулам. А па-другое, улічваючы абставіны, нельга заручыцца, што такая ўстанова, дзякуючы клопату Мін’юсту, ня зьнікне праз пэўны час ці не ператворыцца ў чарговы заапарк (стварэньне прапрэзыдэнцкага Саюзу пісьменьнікаў – ці не найлепшы таму прыклад). Да таго ж можа здарыцца, што некалькі структур «не падзеляць» права на вылучэньне Народных пісьменьнікаў, і ўсё скончыцца фарсам.

Трэці і найлепшы шлях – вызначэньне новых Народных пісьменьнікаў «старымі» Народнымі пісьменьнікамі.

З усіх цяпер жывых беларусаў толькі тыя людзі, што зьяўляюцца Народнымі пісьменьнікамі, маюць маральнае права ўзнагароджваць іншых такім ганаровым тытулам ці вырашаць, што такое ўзнагароджваньне не патрэбна наагул. Хто пасьля дазволіць сабе заявіць, што Барадулін ці Гілевіч памыліліся ў вызначэньні таго ці іншага на гэту пасаду?

Але пры вылучэньні НАРОДНАГА пісьменьніка нельга не зьвярнуць увагі на меркаваньне НАРОДУ. Варта будзе арганізаваць плойму інтэрнэт- (і ня толькі) апытанак, грамадзкіх абмеркаваньняў, запытаць меркаваньне пісьменьнікаў, журналістаў, вядомых людзей краіны. Можна таксама прапанаваць выказаць свае меркаваньні і адпаведным установам, напрыклад, ТБМ ці Радзе БНР, палітычным партыям і (хіба ў будучыні. – Рэд.) дзяржаўным установам. Менавіта ў арганізацыі шырокага грамадзкага абмеркаваньня мусяць прыняць удзел такія ўстановы, як БАЖ і г.д. Пасьля ўвесь гэты аб’ём інфармацыі мае быць перададзены Народным пісьменьнікам, якія будуць паводле свайго жаданьня ўлічваць і выкарыстоўваць яго пры прыняцьці рашэньня.

Гэтакая даволі складаная кампанія ў вылучэньні новых Народных пісьменьнікаў будзе служыць наступным мэтам: яна дасьць магчымасьць меркаваньню грамадзтва ўплываць на рашэньні камісіі Народных пісьменьнікаў; чым больш грамадзтва будзе ўцягнута ў працэс вылучэньня, тым больш рашэньне камісіі будзе вядомае і легітымнае; трэба, каб ня менш за 15–20 адсоткаў беларускага грамадзтва ведала, што нейкае вылучэньне адбылося; акрамя таго, такі даволі працяглы працэс вылучэньня не спародзіць дзясяткаў нававылучаных пісьменьнікаў і не дэвальвуе гэты тытул.

Калі большасьць пагодзіцца з маёй прапановай, то трэба ўсьведамляць, што Народных пісьменьнікаў засталося вельмі няшмат, і калі мы хочам выкарыстаць найбольш прыдатны трэці шлях, а менавіта вырашэньне пытаньня Народнымі пісьменьнікамі, то трэба пачынаць працу ў гэтым напрамку, бо калі адкласьці яе гадоў на дзесяць, можа быць ужо позна.

Міхась Чыгунок, Менск

* * *

На маю думку, званьня народнага вартыя наступныя творцы: Г.Бураўкiн, В.Iпатава, У.Арлоў, А.Разанаў, В.Казько, У.Някляеў, С.Законьнiкаў.

Сяргей з gmail.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0