За мінулы тыдзень платную вакцынацыю супраць пандэмічнага грыпу A (H1N1) у Мінску прайшлі крыху больш як 300 чалавек.

Як паведаміла загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская, з пачатку вакцынацыі (1 лютага) многія мінчане тэлефанавалі ў лячэбныя ўстановы і цікавіліся прышчэпкамі супраць грыпу A (H1N1), аднак у паліклінікі звярнулася каля 300 чалавек.

«Для мяне гэта загадка, чаму людзі не даходзяць да паліклінік, — сказала Глінская. — У прынцыпе, цікавасць ёсць. Людзі сапраўды разумеюць, што яшчэ адзін уздым захворвання будзе, і ў гэты час таксама будзе цыркуляваць менавіта гэты высокапатагенны грып A (H1N1)».

Спецыяліст нагадала, што ўсяго для платнай вакцынацыі мінчан закуплена 5 тыс. доз вакцыны «Монагрыпал плюс» расійскай вытворчасці.

Паводле яе слоў, вакцына адносіцца «да апошняга пакалення грыпозных вакцын і добра пераносіцца».

Кошт прышчэпкі складае 30 тыс. рублёў.

Паводле слоў Глінскай, гэта цана «не вельмі нізкая, але і не вельмі высокая»: сезонныя вакцыны супраць грыпу могуць каштаваць даражэй.

Спецыяліст спадзяецца, што на гэтым тыдні прышчэпку супраць грыпу A (H1N1) атрымае большая колькасць мінчан.

Прышчэпкі робяць ва ўсіх дарослых паліклініках і ў шэрагу дзіцячых:

у 10‑й Заводскага раёна, 25‑й Фрунзенскага раёна, гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі на базе дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Для атрымання прышчэпкі спецыялісты рэкамендуюць папярэдне запісацца па тэлефоне.

Вакцына ўводзіцца ў выглядзе ін’екцыі аднаразова дарослым і дзецям, якім больш за шэсць гадоў. Дзецям ад трох да шасці гадоў вакцына ўводзіцца двухразова з інтэрвалам у месяц.

Імунітэт супраць грыпу A (H1N1) выпрацоўваецца праз 14—18 дзён пасля вакцынацыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?