Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі запрасіў на сустрэчу старшыню неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс. Пра гэта лідэр арганізацыі паведаміла ў інтэрв’ю БелаПАН.

Паводле слоў Борыс, прэзідэнт таксама выказаў салідарнасць з грамадскім аб’яднаннем палякаў.

Каментуючы канфлікт вакол Дома польскага ў Івянцы, Анжаліка Борыс адзначыла, што сітуацыя нагадвае ёй падзеі 2005 года, калі спецназ сілай захапіў Дом польскі ў Гродне. «Гэтыя падзеі сведчаць аб працягу палітыкі ціску беларускіх улад на незалежны Саюз палякаў на Беларусі», — пераканана Борыс.

Дзеянні чыноўнікаў супраць незарэгістраванага СПБ яна разглядае ў кантэксце агульнай палітыкі беларускіх улад, якія парушаюць правы чалавека. Гэта палітыка, паводле слоў Борыс, «выяўляецца ў ціску на незалежныя арганізацыі і людзей з незалежнымі поглядамі». У якасці прыкладу яна ўзгадала такія факты, як працяглае ўтрыманне пад вартай без суда прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, ціск на журналістаў незалежных СМІ, у тым ліку польскага тэлеканала «Белсат», і незарэгістраваны Саюз палякаў.

Анжаліка Борыс выказала падзяку «дэмакратычнай грамадскасці Беларусі і ўсім людзям добрай волі» за салідарнасць з неафіцыйным Саюзам палякаў.

***

8 лютага ў Дом польскі ў Івянцы прыбылі судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі. Яны памянялі ў будынку ўсе замкі, заявілі, што кіраўніцтва дома незаконна завалодала чужой маёмасцю, і запатрабавалі ад усіх прысутных пакінуць будынак для правядзення вопісу маёмасці. Актывісты мясцовай арганізацыі неафіцыйнага СПБ на чале з Тэрэсай Собаль вымушаны былі выйсці з дома. Собаль назвала тое, што адбылося, «захопам».

У афіцыйным СПБ, у сваю чаргу, заяўляюць, што паводле статусу аб’яднання ўсё 16 беларускіх Дамоў палякаў, у тым ліку ў Івянцы, з’яўляюцца ўласнасцю зарэгістраванага Саюза.

Сітуацыя ў Івянцы стала прычынай дыпламатычнага скандалу — пасол Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін адкліканы для кансультацый у Варшаву.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?