У Мастацкім музэі працуе вялікая выстава беларускіх маляваных дываноў — незвычайнага мастацтва, што ня мае аналягаў у суседніх народаў. Піша Сяргей Харэўскі.
Маляванка — расьпісаныя фарбамі посьцілкі — клясычны нацыянальны жанр. Доўгія гады ён заставаўся ў цені як жанр сакральны. Значную ролю ў зьберажэньні традыцыяў маляванкі адыгралі Марачкін, Маркавец, Кулік. А для навукі іх адкрыў Міхась Раманюк.
Пачатак дзяржаўнае калекцыі маляваных дываноў быў пакладзены ў 1988 г. пасьля набыцьця музэем-запаведнікам «Заслаўе» маляваных дыванкоў, створаных Я.Драздовічам. Сёньня тамтэйшая калекцыя, частка якое знаходзіцца на выставе «Краіна мары. Беларуская маляванка», налічвае 200 адзінак. Гэта найперш шэдэўры мастачкі са Случчыны Алены Кіш і клясыка Я.Драздовіча. Падчас шматлікіх пошукаў маляванак супрацоўнікамі Заслаўскага музэю-запаведніку былі адкрытыя імёны некалі знаных у народзе майстроў: Фёдар Сухавіла, Канстанцін Касьпяровіч, Генадзь Кузаўкоў, Таісія Клопава, Сяргей Шурпік, Туча, Уладзімер Бука, Галіна Заяц. Іхныя творы можна ўбачыць на гэтай неардынарнай выставе незвычайнага мастацтва, што ня мае аналягаў у суседніх народаў.
Маляванкі звычайна пісалі на самаробным радне, часьцей чорнага колеру. Адвольная размалёўка фарбамі выконвалася без папярэдняга нанясеньня грунту (з гэтае прычыны помнікі гэтага мастацтва хутка нішчыліся з-за нетрываласьці).
Росквіт гэтага віду мастацтва прыпадае на сярэдзіну ХХ ст. Маляваныя дыванкі былі ў многіх хатах захаду й поўдня краіны. Яны купляліся, замаўляліся, але найперш вырабляліся самімі гаспадарамі. Таму былі востра індывідуальныя.
На вобразна-сэмантычны лад беларускіх маляванак відавочна паўплывалі юдэйская традыцыя і ўкраінская арнамэнтыка. Гэтак сярод вобразаў былі распаўсюджаныя жыдоўскія сымбалі: ільвы, лебедзі, алені, часьцяком у атачэньні вінаградных гронак. У кветкавую кампазыцыю зазвычай уводзіцца геамэтрычны арнамэнт: кругі, ромбы, шматкутныя зоркі. У сэмантыцы арнамэнтальных маляванак выяўляецца водгульле культу ўрадлівасьці маці-Зямлі, для сюжэтна-тэматычных твораў характэрнае выразнае індывідуальнае ўяўленьне аб райскім жыцьці. Шырока ўжываюцца ў дыванах казачныя выявы зьвяроў ды птушак: паваў, жаўранкаў, лісаў, катоў, мядзьведзяў, зайцоў. Вельмі часта сустракаюцца й галубы — хрысьціянскі сымбаль сьвятога Духу. Часта дываны мелі каліграфічныя ініцыялы аўтараў і ўладальнікаў, даты маляваньня.
Тыповым зьместам дываноў былі містычныя сюжэты, галоўнымі пэрсанажамі якіх выступаюць закаханыя і паляўнічыя, фальклёрныя пэрсанажы. У пачатку XX ст. у традыцыйную схему дываноў уводзяцца рамантычныя краявіды з бажніцамі й замкамі.
Адлюстраваньне на палатне ідэальных сюжэтаў дазваляла звычайнаму чалавеку ўзьнесьціся па-над будзённасьцю й сьмяротнасьцю, апынуцца ў Краіне Мары. Трыюмф жыцьця, што перамагае сьмерць, літаральна рэалізаваўся мастаком праз росьпіс на чорным, «зямным» колеры зыркімі, «нябеснымі» фарбамі.
Каментары