З 9 лютага па 9 сакавіка 2010 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы праходзіць выстаўка «Думкі‑чары як кветкі рассеяў…» народнага клуба аматараў фларыстыкі «Анюта».

Кампазіцыі створаны па матывах творчасці Янкі Купалы. Калі глядзіш на работы майстроў адразу ўзгадваюцца цудоўныя радкі з вершаў беларускага песняра. Мілагучныя купалаўскія радкі, напоўненыя трапяткой любоўю да роднай прыроды, натхнілі мастакоў на стварэнне цудоўных кампазіцый і далі назву выстаўцы.

«Спрасаваныя кветкі», «кветкаскладанне», «кветкавы жывапіс» — так сёння называюць фларыстыку. Палітрай «кветкавага» жывапісу, асноўнымі выяўленчымі сродкамі з’яўляюцца высушаныя расліны: лісце, ляпёсткі кветак, мох, карані, травы, насенне. Любая кветка, ліст маюць індывідуальную форму, фактуру, узор і адценне. У руках фларыста тонкая былінка ператвараецца ў разлапістае дрэва, насенне бярозы — у чараду птушак, лісце срэбранай вярбы — месяцовымі блікамі на вадзе. Работы з фларыстычнага матэрыялу цікава разглядаць зблізу, і пры гэтым яны не страчваюць сваёй цэласнасці. Гэта магія, якую мы не знойдзем у будзённым жыцці.

***

За перыяд існавання (з 1991 года) клуб «Анюта» правёў больш за 70 выставак у гарадах Віцебскай вобласці і РБ, а таксама ў гарадах Нінбург (Германія), Масква, Мурманск. Штогод праводзіцца выстаўка клуба да Дня жанчын. Клуб «Анюта» — пастаянны ўдзельнік фестываля мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», лаўрэат двух Рэспубліканскіх фестываляў народнай творчасці «Беларусь — мая песня». Творы віцебскіх мастакоў‑фларыстаў знаходзяцца ў прыватных калекцыях жыхароў Расіі, Германіі, ЗША, Ізраіля і іншых краін. Для членаў клуба фларыстыка не проста від мастацтва, а вобраз мыслення, філасофія жыцця.

Выстаўка будзе добрым падарункам да дня закаханых 14 лютага. На ёй можна будзе выбраць цудоўныя падарункі для закаханых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?