У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана закрасавала; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая.

Кніга прарока Ісаі

Фарбуюць усё, што толькі можна

Бабруйск, насуперак стэрэатыпам, – вельмі прыгожае места. Яго выгодна адрозьнівае ад усіх гарадоў і мястэчак Беларусі ўнікальная радыяльная пляніроўка, гарысты краявід, паўнаводныя рэкі, безьліч помнікаў дойлідзтва самых розных кшталтаў і эпох.

(47K)

Увага! Нас фатаграфуюць!

Фота Алеся Матафонава

Але гэтымі днямі ў Бабруйску невясёла.

Горад літаральна кіпіць і гарыць халодным полымем клопату. Фарбуюць усё, што толькі можна. Прыстукваюць плітку паўсюль, дзе толькі ходзяць. Горад перарыты траншэямі, застаўлены будматэрыяламі. І нават на выходныя няма тут спакою. Згодна з плянам добраўпарадкаваньня і рэканструкцыі, да сельскагаспадарчага сьвята павінны быць падрыхтаваныя 555 аб’ектаў – на будоўлях Бабруйску занятыя каля 10 тысячаў будаўнікоў з усяе краіны. Адпаведна, столькі гасьцей Бабруйск ня бачыў ніколі. Праз гэта ў горадзе ня тое што пераначаваць, але пад’есьці – праблема. Як сонца надвячоркам залоціць вершаліны дрэваў, то зьняможаныя за дзень людзі ціха запаўняюць рэдкія пункты грамадзкага харчаваньня. Яны сувора й засяроджана рыхтуюцца адзначыць канец жніва.

(44K)

Бабруйскі пляц. Пераддажынкі-2006.

Фота Алеся Матафонава

Сёньня Бабруйск нагадвае велізарную будаўнічую пляцоўку. У райвыканкаме ўвесь дарагі паркет заквэцаны крэйдаю й фарбамі. Але праца не спыняецца! Чыноўнікаў тут, як заўжды, болей, чым усіх рабочых. Гарачая пара! Усе мітусяцца, правяраюць, пералічваюць. А пад Леніным на плошчы тужліва соўгаюцца рабацягі. Не пасьпелі да 15 жніўня скончыць. Не пасьпелі! Пастаўшчыкі падводзяць! Бракуе пліткі! Не хапае граніту! Але тут ужо пачынаецца мантаж 1500 месцаў для будучых пераможцаў. Бо самае важнае – каб усё спадабалася перадусім самаму галоўнаму сейбіту. Нават калі ўвесь горад над Бярэзінай засынае, у электрычным зьзяньні на галоўнай бабруйскай плошчы яшчэ застаюцца работнікі.

(30K)

Аўральны рамонт райвыканкаму.

Фота Алеся Матафонава

Курапаткі ў крэпасьці

Разам з тым сотні помнікаў бабруйскае старасьвеччыны, сярод якіх ёсьць гэткія ўнікальныя здабыткі, як велізарная крэпасьць часу Напалеона, езуіцкі калегіюм з касьцёлам XVIII ст., палацы ды тузін сына-гог, застаюцца без дагляду. Нягледзячы на ўсе руйнаваньні, у Бабруйску шмат захавалася даўніны. Колькасьць помнікаў тут уражвае. Але выдатны тутэйшы музэй ледзьве зьмяшчае ўсе свае скарбы ў сховах, а лядашчая выстаўная заля гораду вартая адно скрухі. Тое самае тычыцца й некалі слыннага сваім нон-канфармізмам тэатру імя Дуніна-Марцінкевіча і тутэйшых кінатэатраў, бібліятэк і дамоў культуры... Ці ня самы яркі сымбаль стаўленьня ўладаў да старажытнасьцяў Бабруйску – гэта вялікія чароды курапатак ды перапёлак, што ўзьлятаюць з-пад ног... пасярод велічных гмахаў крэпасьці. Поўнае зьдзічэньне й цывілізацыйны заняпад. Варта адысьці колькі кварталаў ад цэнтру гораду, дзе шумна імітуюць бурную дзейнасьць чыноўнікі, паганяючы тысячы будаўнікоў. ...І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць жніво замест саломы. А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце... (Біблія. Сыход.)

(55K)

Інтэр’еры бабруйскай крэпасьці.

Фота Веранікі Дзядок

(33K)

Касьцёлу, што на тэрыторыі былой вайсковай часткі, няма нават у сьпісах ацалелых архітэктурных помнікаў.

Фота Веранікі Дзядок

Жнуць усё запар

Бабруйскія тубыльцы наракаюць на будоўлю гмаху гатэлю «Турыст», што расьсеўся ўздоўж Бярэзіны. Паводле нормаў, тэрмін будаўніцтва не павінны перавышаць 5 гадоў, а закінуты недабудаваны гатэль стаіць ужо з 1989 году! Ды раптам пасьля 15-гадовай кансэрвацыі ён мусіць мець 5 зорак! А побач узводзяць і забаўляльны цэнтар. У Бабруйску ходзяць чуткі, нібы той даўгабуд спавілі сталёвымі сьцяжкамі, і, пэўна, пасьля «Дажынак» тут спатрэбіцца капітальны рамонт.

Але беларускае чынавенства часам дэманструе выбітныя фокусы палітычнае эканоміі.

(36K)

Фота Алеся Матафонава

Падчас сёлетняга фэсту «Дажынкі-2006» усе гандлёвыя арганізацыі, што прыедуць у Бабруйск, будуць вызваленыя ад платы падаткаў і збораў. Лібэралізм безь берагоў. Гэта нібыта дазволіць зьменшыць выдаткі на арганізацыю гандлю, а таксама зьменшыць цану продажу на айчынныя тавары на 5%, а на імпартныя – на 10%! Налятай!

Аж дух займае. Міжволі пачынаеш нэрвавацца й хвалявацца за гэты сымпатычны горад. Што ж будзе пасьля сьвята? Як ім тут будзе, як усе госьці разьедуцца?

Між тым нават у ваколіцах Бабруйску пра ўраджай гавораць зь непрыхаваным скепсісам. Чаго толькі сёлета ні было: замаразкі, суша, а цяпер, нарэшце, залевы. Пахмурныя дзядзькі, якім не даюць пахмяляцца, жорстка крытыкуюць калгаснае начальства, што не дае людзям продыху, а ўраджаю – нармальнае сьпеласьці. Жнуць усё запар, нясьпелае й мокрае. Імкненьне любым коштам ставіць рэкорды відавочна не дадае аптымізму.

    Плыве гэта песьня ка мне і заве,

    І ў сэрцы зьвініць, як каса у траве:

    «Ты так жа, брат, сееш...

    дзе тваё жніва?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?