У крыві загінулага ў Берасьці літоўскага дыплямата Вітаўтаса Пацюнаса судмэдэкспэртамі выяўлена высокая доза алькаголю.

Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор Ленінскага раёну Берасьця Ўладзімер Масюк, сёньня супрацоўнікі берасьцейскае судмэдэкспэртызы ў прысутнасьці літоўскага спэцыліста правялі судова-мэдыцынскі агляд цела дыплямата.

Падчас яго былі выяўленыя шматлікія пашкоджаньні ўнутраных органаў, узьніклыя з прычыны падзеньня цела зь вялікай вышыні.

Праведзены хімічны аналіз паказаў наяўнасьць ў крыві 1,9 праміле алькаголю, што, паводле словаў пракурора, зьяўляецца досыць высокай дозай.

Няма і якіх-небудзь пашкоджаньняў цела, якія б сьведчылі, у дачыненьні да Пацюнаса быў ужыты гвалт. Уладзімер Масюк паведаміў, што крымінальная справа па факце гібелі літоўскага дыплямата пакуль не распачыналася.

Паводле словаў пракурора, усе сьледчыя мерапрыемствы, што тычацца гібелі літоўскага дыплямата, праваахоўчыя органы Берасьця праводзяць ў цесным кантакце з прадстаўнікамі Літвы. Так, учора (23 жніўня) месца здарэньня аглядалася ў прысутнасьці Генэральнага консула Літвы ў Горадні. Чакаецца прыбыцьцё ў Берасьце прадстаўнікоў сьледчых органаў краіны-суседкі.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0