Папулярны расійскі пісьменнік, зорка постперабудовачнай расійскай літаратуры, аўтар зборнікаў апавяданняў «Легенды Неўскага праспекту» (1991) і раману «Самавар» (1996), Міхаіл Велер -- на Мінскім кніжным кірмашы. Са сваёй заўсёднай крытыкай расійскай улады і з прэтэнзіямі на ўласную ўсеахопнасць, Велер ніяк не хоча класціся ў пракруставы ложак аўтара забаўляльных раманаў.

Папулярнасць і гіганцкія наклады Велеру прынесла менавіта камбінацыя камічнага і філасофскага, дзе абсурдыскія гісторыі «з жыцця» (напрыклад у рамане «Нуль гадзінаў», сучасныя рэвалюцыянеры рамантуюць «Аўрору» і плывуць з Санкт-Пецярбурга ў Маскву скідаць урад), спалучаюцца з філасофскімі развагамі планетарнага маштабу, якія падаюцца чытачу без ценю іроніі.

Неадназначыя, але цікавыя заўвагі папулярнага ў Расіі аўтара з ягонай прэс-канферэнцыі:

Пра ВКЛ і Масковію:

Калі глядзіш на мапы ХІV стагоддзя, то бачыш разлеглае гаспадарства, Вялікае Княства Літоўскае, якое і было папярэдніцай Беларусі, ад Віцебска мала не да Чорнага мора, а на ўсходзе — маленькая Масковія, якая была, па сутнасці, правінцыяй Залатой Арды... Маскоўскі князь едзіў у Залатую Арду атрымліваць ліцэнзію на кіраванне.

Пра ролю рэлігіі ў Расіі:

Кепска ставіцца да рэчы, якая змяшчае столькі светлых ідэй, людскога вопыту, мудрасці, я не магу… Але! Калі партыйныя фунцыянеры шчыльнымі радамі крочаць на царкоўную службу, і на тварах у іх тая самая самапавага, якая была, калі яны сядзелі ў прэзідыюмах, дык хочацца запісацца ў антыклерыкалы. Да жалю сёння царкву ў Расіі ставяць на месца аддзела ідэалогіі ЦК КПСС… Царква знаходзіцца на служэнні , або на працы, у дзяржавы».

Дзе пісьменніку лепей жыць: на радзіме ці на чужыне?

Месца лекара ў халерным бараку… Радзіма не там, дзе грошы, самае прыгожае неба, дзе свабода… Але калі ты не зробіш добрай сваю краіну, дык на якога чорта яна патрэбная камусьці яшчэ?

Пра развал СССР:

Працэс быў аб'ектыўны… Цяпер такая фаза, фаза драблення. І нават калі кажуць, што любая імперыя шмат разоў выкарасквалася, я адкажу: «А калі чалавек, шмат разоў ачуньваў, дык ён што, неўміручы?»

Куды ідзе Беларусь: да Расіі, ці на Захад?

Не думаю, што адносіны на палітычным дзяржаўным узроўнях паміж Расіяй і Беларуссю зрабіліся шчыльнейшымі. Па-першае, Расія, з яе цяперашнім урадам такая, што з ёй не варта надта блізка сябраваць. Наколькі мне вядома, міжнароднае становішча Беларусі, яе адносіны з Захадам, мягчэйшыя чым тры гады таму. Выдае на тое, што справы ідуць да далейшага ўзмацнення незалежнасці Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?