За злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі асуджаны былы начальнік ДАІ Баранавіцкага РАУС.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга Дзмітрук, судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы маёр міліцыі прызнаны вінаватым у тым, што, накладваючы штрафы за парушэнні правіл дарожнага руху і асабіста атрымліваючы грашовыя сродкі ад парушальнікаў, частку з іх прысвоіў.

Ён уносіў у квітанцыі няправільныя звесткі пра сумы спагнаных штрафаў, істотна заніжаючы іх. Усяго было выяўлена каля 30 такіх эпізодаў. Агульная сума прысвоеных сродкаў склала 1 млн. 95 тыс. рублёў.

Паводле слоў Дзмітрук, дзеянні маёра міліцыі кваліфікаваны судом па ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). Яму прызначана пакаранне ў выглядзе двух гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пасады ў органах унутраных спраў тэрмінам на тры гады і штраф у 35 базавых велічынь (1 млн. 225 тыс. рублёў).

Як адзначыла Дзмітрук, з улікам таго, што былы супрацоўнік органаў унутраных спраў прызнаў віну,

раскаяўся

ва ўчыненні злачынства супраць інтарэсаў службы і падчас папярэдняга расследавання цалкам вярнуў прычынены ўрон, судом

прыменена адтэрміноўка выканання прыгавору тэрмінам на два гады.

Асуджаны не абскардзіў вынесены яму 28 студзеня 2010 года прысуд. Праз 10 дзён прысуд набыў законную моц.

Папярэдняе расследаванне па справе правяла пракуратура Баранавіцкага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?