У Браціславе менчукі саступілі «Артмэдыі» зь лікам 1:2. Учора заставалася забіць адзін мяч і не прапусьціць.

І спачатку здавалася, што гол насьпяваў. Нашы лезьлі на вароты супернікаў. І гол адбыўся. Праўда, у вароты гаспадароў. Гэта нападнік Юрай Галінар на 31-й хвіліне бліскуча закінуў мяч за каўнер Эдуарда Тучынскага, які замяняў асноўнага брамніка «Дынама» Артура Ляська. Страта Ляська стала вырашальнай, вэтэран Тучынскі ня змог ні разу выручыць каманду: тры з чатырох удараў славакаў дасягнулі мэты.

На 38-й хвіліне Ўраціслаў Гайдош выкарастаў тое, што абарона «Дынама» нагадвала прахадны двор і падвоіў лік. Апошнія хвіліны да перапынку беларусы не разумелі, што адбываецца на полі.

На 61-й хвіліне шматхадоўка «Артмэдыі» скончылася вывераным ударам абаронцы з тыпова беларускім прозьвішчам Бурак – 0:3. «Артмэдыя» ўчора была падобная да леташняй каманды, якая нарабіла шораху ў Лізе чэмпіёнаў.

Цярпеньне гледачоў, якія нягледзячы на праліўны дождж прыйшлі на футбол, лопнула. 80-гадовы дзядуля, які сядзеў побач, вымавіў: «З такім футболам і да інфаркту блізка» і паплёўся да выхаду.

Прайграваць з буйным лікам было зусім непрыстойна і менчукі змаглі адыграць два галы. Спачатку актыўны Ковель выцарапаў мяч у абаронцаў суперніка, а пасьля легіянэр Марсіё ў хакейным стылі замыкнуў перадачу з флянгу. Адразу пасьля гэтага ўзяцьця варотаў грузінскі арбітар Леван Паніашвілі даў фінальны сьвісток. Між іншым, фанацкі сэктар «Дынама» да апошняга падтрымліваў сваю ўлюбную каманду.

У той самы вечар БАТЭ ізноў суха прайграла расейскаму «Рубіну» – 0:2. Футбольная эўрапейская восень пройдзе зноў безь беларускіх клюбаў. Давядзецца хварэць за іншых.

«Арсэнал» згуляе з ЦСКА

У чацьвер у Манака адбылося лёсаваньне групавога турніру Лігі чэмпіёнаў. Нас цікавяць клюбы, дзе гуляюць беларускія легіянэры.

Кіеўскае «Дынама» (Валянцін Бялькевіч) трапіла ў адну групу з мадрыдзкім «Рэалам», францускім «Ліёнам» ды румынскім «Сьцяўа», за якую яшчэ нядаўна гуляў брамнік зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі.

Аляксандар Глеб ды лёнданскі «Арсэнал» сустрэнуцца з маскоўскім ЦСКА, «Порту» (Партугалія) ды «Гамбургам» (Нямеччына).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?