Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў 11‑12 лютага будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам у Варшаве.

Запланаваны перамовы Мартынава з міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім, «у рамках якіх будзе абмяркоўвацца шырокае кола пытанняў беларуска-польскага супрацоўніцтва ў розных галінах, а таксама ўзаемадзеяння па лініі Беларусь — ЕС», паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Паведамляецца таксама, што падчас візіту кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў падпішуць міжурадавы дагавор аб правілах памежнага руху.

Нагадаем, 8 лютага кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што мае намер «па-мужчынску» пагаварыць са сваім беларускім калегам у сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы
. У эфіры польскага тэлеканала TVP INFO Сікорскі адзначыў, што пытанне аб сітуацыі польскай меншасці ў Беларусі павінна быць перададзена ў міжнародныя інстытуты. «Хочам, каб не толькі польскі бок гаварыў аб тым, як шмат можа страціць Беларусь, калі зноў вырашыць самаізалявацца. Мы не можам забараніць гэтага Беларусі, але паважаць правы нацменшасцяў, паважаць правы апазіцыі — гэта асноўная ўмова збліжэння з Еўрасаюзам», — сказаў кіраўнік польскага МЗС.

Адносіны паміж Мінскам і Варшавай абвастрыліся пасля канфлікту ў Івянцы (Валожынскі раён, Мінская вобласць). Мясцовы Дом польскі не могуць падзяліць два крыла Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) — афіцыйнае і незарэгістраванае. Кожны з бакоў сцвярджае, што мае права на ўласнасць.

8 лютага судовыя выканаўцы зрабілі вопіс маёмасці Дома польскага, выправадзіўшы з будынка актывістаў неафіцыйнага СПБ. Кіраўніцтва арганізацыі расцаніла гэта як «захоп» і звярнулася за падтрымкай да польскіх улад.

Сітуацыя ў Івянцы стала прычынай дыпламатычнага скандалу. Пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак быў выкліканы ў польскае МЗС, дзе яму выказалі занепакоенасць дзеяннямі беларускіх праваахоўных органаў у дачыненні да Дома польскага. У сваю чаргу, пасол Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін быў на два дні адкліканы для кансультацый у Варшаву.

Прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі запрасіў лідэра неафіцыйнага СПБ Анжаліку Борыс на сустрэчу. Чакаецца, што яна адбудзецца на наступным тыдні.

Варта таксама адзначыць, што

польская апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць», якую ўзначальвае Яраслаў Качынскі, брат прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, запатрабавала адмяніць візіт Мартынава, а таксама заклікала прэм’ер-міністра Дональда Туска звярнуцца ў ЕС з прапановай накласці на Беларусь гандлёвае эмбарга.

Аднак Радаслаў Сікорскі заявіў, што не збіраецца адмяняць візіт кіраўніка МЗС Беларусі. «З Беларуссю трэба размаўляць, а не ізаляваць яе», — падкрэсліў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?