Вакол Мінска ў перспектыве плануецца стварыць дзевяць гарадоў‑спадарожнікаў у межах 50‑кіламетровай зоны.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 11 лютага паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Селязнёў.

«Кіраўніцтва Мінска пераканала прэзідэнта, што рост насельніцтва сталіцы не апраўданы і не мае сэнсу. Прэзідэнт згадзіўся з тым, што ў сталіцы штогод будзе будавацца 1,2—1,3 млн. кв. м жылля супраць 1,8—2 млн., якія раней планаваліся», — сказаў кіраўнік Мінбудархітэктуры. Для кампенсацыі жылля, якога не хапае, на дадзены момант прынята рашэнне аб стварэнні пяці гарадоў‑спадарожнікаў.

Па трох ужо распрацоўваецца дакументацыя — гэта Смалявічы (плануецца пабудаваць 1—1,3 млн. кв. м жылля), таксама распрацоўваюцца праекты забудовы Заслаўя і Дзяржынска.

Акрамя гэтага, дасягнута дамоўленасць з Мінаблвыканкамам аб выдзяленні ўчасткаў у Мінскім раёне пад будаўніцтва 5—7 тыс. катэджаў, паведаміў міністр.

Як плануецца, у 2010 годзе будзе праведзена праектаванне, у першым паўгоддзі 2011 года — будаўніцтва інжынернай інфраструктуры, да канца 2011‑га — пачатак будаўніцтва дамоў і ў 2012—2013 гадах — здача ў эксплуатацыю. Селязнёў адзначыў, што адначасова з будаўніцтвам жылля будуць пабудаваныя і транспартныя сувязі (хуткасны трамвай, тралейбус, аўтобус‑экспрэс) з Мінскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?