З нагоды рэцэнзіі Валянціна Тараса на Яндарбі піша Сямён Букчын.

Паклоньнік Лермантава і Зелімхі Яндарбі Валянцін Яфімавіч Тарас з горыччу цытуе «Казацкую калыханку»:

Злы чачэн паўзе на бераг,

Точыць свой кінжал...

— і праз амаль 170-гадовую тоўшчу часу пасылае расейскаму паэту братэрскі дакор: маўляў, як жа гэта вы схібілі, Міхаіл Юр’евіч, а цяпер вось «зь песьні словаў ня выкінеш». Карацей, думаць трэба было, дарагі вы наш аўтар «Дэмана», разумець трэба было, што «злы чачэн» паўзе ўсё ж такі, «караскаецца на свой родны бераг…» («НН», 8 ліпеня).

Прызнацца, з такім «альпінісцкім» падыходам да аналізу мастацкага, паэтычнага твору я сутыкаюся ўпершыню. Але хіба наш час ня час цудаў? Асабліва калі любіш вялікага паэта Расеі, але яшчэ больш уласнаму сэрцу гавораць «рытмы сэрца Яндарбі».

І які ўсё-такі велікадушны Валянцін Яфімавіч, калі, працытаваўшы радкі пра «злога чачэна», што выкрываюць Міхаіла Юр’евіча як вялікадзяржаўнага шавініста, ён прыгадаў вершы, якія хоць бы трохі апраўдваюць паручніка Лермантава, — пра «нямытую Расею, зямлю рабоў, зямлю паноў». Так сказаць, ураўнаважыў…

Я сьпяшаюся падказаць шаноўнаму нашаму літаратару і іншыя цытаты зь Лермантава. Ну, напрыклад, вось гэтую:

Гараць аулы ўсьцяж без абароны,

Сыны айчыны ворагам скароны…

Як люты зьвер, ціхмяныя хаціны

Штыкамі пляжыць пераможца хцівы;

Дзяцей ён забівае і старых,

Цнатлівых дзеў і матак маладых…

Як гэта ўраўнаважыць, Валянцін Яфімавіч? З аднаго боку, «злы чачэн», які, згодна з вашым трапным назіраньнем, «караскаецца на свой бераг», а з другога — гэтыя страшныя радкі, што кляймуюць зьверствы расейскіх заваёўнікаў Каўказу?

Але карціна будзе няпоўнай, калі не сказаць, што ў тым жа «Ізмаіл-бею» ёсьць і нешта процілеглае прыведзенаму вышэй абвінавачаньню:

Дзе тое мора, стэп альбо гара,

Славянскай зброі што пярэчыць

можа?

І дзе загады рускага цара

Не пакаралі здраду і варожасьць?

Чаркес, зьмірыся! захад і усход

Мо хутка рэшаць лёсу твайго ход.

Калісьці сам заганарысься гэтым:

Няхай я раб, ды раб цара

сусьвету!

Непасьлядоўны чалавек быў Міхаіл Юр’евіч, з дакорам паківаеце галавой вы, Валянцін Яфімавіч. Ды ўжо які непасьлядоўны! Таму самаму цару сусьвету, расейскаму імпэратару, якому заклікаў пакарыцца, напрарочыў страшны лёс. Памятаеце, спадзяюся, знакамітае «Прадказаньне»:

Настане дзень, Расеі чорны дзень,

Калі цароў карона упадзе…

Вось што здараецца, Валянцін Яфімавіч, калі паэт у свае разважаньні пра другога паэта ўпускае ідэалёгію і палітыку. Ці варта гэта рабіць, калега, асабліва на старасьці год? І ці мне чытаць вам лекцыю пра тое, што аўтар «Валерыка», які задаваўся пытаньнем:

Чаго ён хоча!.. Сьвет вялікі,

Шмат месца ў сьвеце для ўсяго,

Ды без супынку, без разьліку

Адзін ваюе ён — чаго?

— быў ня проста афіцэрам Каўкаскага корпусу, ён камандаваў «лятучай сотняй», свайго роду тагачаснай «Альфай», атрадам добраахвотнікаў, якія выконвалі самыя рызыкоўныя і далёка не бяскроўныя даручэньні камандаваньня. Ён быў чалавекам ваеннай імпэрыі, належаў да дваранства, касты, што, як і польска-беларуская шляхта, дарэчы, была прызначана па сваім паходжаньні для вайсковай службы і вайны ды ўспрымала вайну як нешта зусім натуральнае. І гэта цалкам адпавядала рамкам тагачаснай эўрапейскай традыцыі, пра што сьведчаць ня толькі раманы Сянкевіча, але і паэзія Кіплінга. Такія былі часы. Да Хэльсынскіх пагадненьняў аб правах чалавека было вельмі далёка. Таму ня трэба з пазыцый пратаколу 1975 году меркаваць пра людзей, якія жылі амаль два стагодзьдзі назад.

А ўжо да паэзіі падыходзіць з «альпінісцкім рыштункам» і зусім ня варта. Зрэшты, вам, аўтару тонкіх апавяданьняў пра супярэчлівыя пачуцьці ў дачыненьні да ворага, што апаноўвалі падлетка-партызана ў гады вайны зь немцамі, гэта павінна быць вядома ня горш, чым мне. Што ж да вобразу «злога чачэна» ў расейскай літаратуры, дык я ня буду нагадваць вам «Хаджы-Мурата» Талстоя. Працытую малавядомае. У Глеба Ўсьпенскага стары вэтэран успамінае: «Эге, Каўказ! Вось чаркесы, галаварэзы і разбойнікі, пабілі мы іх, зь ліку саб’есься. Ну і яны, ясная рэч, спуску нам не давалі. А шчыра вам сказаць, лепшага за гэты народ пашукай».

Самы час заплакаць, ці ня так, Валянцін Яфімавіч? Заплакаць ад бясьсільнай гаркоты, што людзей гоняць, нацкоўваюць адно на аднаго. Дык ці варта і нам, літаратарам, уключацца ў гэтую брудную гульню? Нават калі вельмі хвалююць «рытмы сэрца Яндарбі»…

Вершы М.Лермантава цытуюцца ў перакладзе Сяргея Петрыкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0