Аўтар унікальных вітражоў на Віцебскім вакзале Вікенці Ральцэвіч, расказаў НН, што ездзіў сёння ранкам паглядзець на тое, што засталося ад яго мастацкага твора.
Вікенці Ральцэвіч спадзяваўся забраць хаця б рэшткі комплекса вітражоў з выявамі гербаў абласных гарадоў:
«Не было там чаго забіраць, там усё знішчана і ставяць чорнае шкло.
Гэта быў адзіны сапраўдны класічны вітраж у Віцебску. Пятнаццаць гадоў таму зрабіў гэты твор вітраж з гербамі. Рабіў натхнёна і з любоўю. Цэнтральны вітраж з «Пагоняй» быў найлепшым.
Увогуле, я лічу гэты твор адной з лепшых сваіх прац. Ёсць яшчэ шэраг выдатных твораў акварэллю, аднак вітражы зроблены настолькі шчыра і з пачуццямі».
Вітражы на віцебскім вакзале былі пастаўленыя ў першай палове 1990‑х. Цяпер у будынак сярэдзіны XX стагоддзя ўсталёўваюцца танаваныя люстэркавыя вокны:
Вікенцій Ральцэвіч — мастак‑графік (Віцебск). Сябар Саюза мастакоў Беларусі. Нарадзіўся ў вёсцы Гарбовічы ў 1936 годзе. У 1957 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, у 1964 — Беларускі тэатральна‑мастацкі інстытут. Яго працы неаднаразова выстаўляліся на Усесаюзных выставах. Мастак мае міжнароднае прызнанне і прэмію ад міжнароднага пленэру («Bieszczady 76»).