Пра гэта паведаміў журналістам 12 лютага ў Мінску галоўны ўрач Гарадскога клінічнага дзіцячага псіханеўралагічнага дыспансера Вадзім Кірылюк, галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Мінска і Беларусі.

Колькасць самазабойстваў павялічылася з 26 выпадкаў у 2008 годзе да 37 — у 2009 годзе, што склала адпаведна 1,49 і 2,1 выпадку на 100 тыс. насельніцтва.

Для параўнання, у 2007 годзе непаўналетнімі было ўчынена 22, у 2006 годзе —— 14 самазабойстваў. Такім чынам, колькасць суіцыдаў сярод дзяцей за чатыры гады павялічылася больш чым у 2,5 разу.

Паводле слоў Кірылюка, найбольш самагубстваў учынена ў Мінскай вобласці — 10. У Віцебскай вобласці ў выніку суіцыду памерлі 9, у Магілёўскай — 7, Гомельскай — 5, Брэсцкай — 3, Мінску — 3 непаўналетнія. Не зафіксавана ніводнага выпадку самазабойства сярод непаўналетніх у Гродзенскай вобласці.

Паводле слоў Кірылюка, у 2009 годзе было зарэгістравана 425 спробаў самазабойстваў, што склала 23,8 выпадку на 100 тыс. дзіцячага насельніцтва (у 2008 годзе — 524, што склала 28,6 выпадку на 100 тыс. дзіцячага насельніцтва).

Кірылюк падкрэсліў, што большасць дзяцей, якія ўчынілі суіцыд, жылі ў сацыяльна непаспяховых сем’ях і не знаходзіліся на псіхіятрычным уліку. Большасць самагубстваў учыняюць падлеткі ад 14 да 18 гадоў.

Галоўны доктар заклікаў бацькоў быць уважлівымі да псіхалагічнага стану сваіх дзяцей. У прыватнасці, ён заклікаў звяртаць увагу на рэзкую змену паводзінаў і настрою дзіцяці. Дарослыя таксама павінны задумацца пра імкненне дзіцяці большую частку часу праводзіць у адзіноце, значнае пагаршэнне паспяховасці, агрэсію, падаўлены стан.

Кірылюк падкрэсліў, што ў выпадку калі псіхалагічны стан дзяцей выклікае асцярогі ў бацькоў, неабходна звяртацца да спецыялістаў, напрыклад да школьнага псіхолага. Галоўны доктар таксама заўважыў, што ў Мінску працуюць кругласутачныя тэлефоны даверу для дарослых — (017) 290‑44‑44 і для дзяцей — (017) 315‑00‑00.

Кірылюк падкрэсліў важнасць узгодненай працы розных ведамстваў у прафілактыцы самазабойстваў сярод дзяцей. Для гэтага ў школах псіхолагі і псіхатэрапеўты праводзяць лекцыі, сярод педагогаў арганізуюць навучальныя семінары. Псіхіятрычная служба супрацоўнічае з МУС, рэспубліканскімі і міжнароднымі арганізацыямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?