Сёння ў кватэру, дзе жыве мясцовы прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Пятро Маланачкін, прыехаў не абы-хто, а вайсковы пракурор Будзько. Ён распавёў, што ў абласную пракуратуру быццам бы паступіў ананімны ліст. І быццам бы ў ім сцвярджаецца, што нехта з супругаў Маланачкіных даў хабар горацкаму ваенкаму, каб іх сын не ішоў у войска.

Пятро Маланачкін здзіўляецца гэтым абвінавачанням, бо ягоны сын — студэнт аднаго з польскіх універсітэтаў, на падставе чаго і мае адтэрміноўку. Сп. Маланачкін перакананы, што ананімка звязана з ягонай рэлігійнай дзейнасцю (ён пастар незарэгістраванай пратэстанцкай суполкі «Свабода ў Госпадзе» і лідэр кампаніі збору подпісаў супраць АЭС у Горацкім раёне).

— Я даў пісьмовыя тлумачэнні пракурору, што не збіраўся і не даваў ніколі нікому ніякіх хабараў, а таксама звярнуўся з просьбай знайсці паклёпнікаў і прыцягнуць да адказнасці за распаўсюджанне хлусні, — кажа сп. Пятро.

Той самы пракурор патэлефанаваў раніцай і другому горацкаму актывісту — Іллю Заранку — і папрасіў пра сустрэчу. Калі ж даведаўся, што Ілля знаходзіцца не ў Горках, то прапанаваў убачыцца на наступны дзень у Магілёве. Адпаведны пазоў, калі верыць тэлефоннай размове, пракурор выпісаў і пакінуў у Горацкім райваенкамаце.

Даведацца, з якой нагоды трэба ехаць у абласны цэнтр, Іллю Заранку не ўдалося. Аднак па тэлефоне пракурор паведаміў, што мае на руках скаргу на дзейнасць мясцовага ваенкамата, у якой фігуруе прозвішча Іллі.

На думку Іллі Заранка ананімкі выкарыстоўваюцца для запалохвання актыўных грамадзянаў напярэдадні мясцовых выбараў. Сапраўды, Заранок і Маланачкін мелі ўдзельнічаць у іх ад мясцовай незалежнай грамады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?