На жнівеньскім Сойме Партыі БНФ, які адбыўся 26 жніўня, галоўным пытаньнем парадку дня зьяўлялася кааліцыйнае будаўніцтва. Усе сябры Сойму адзначылі, што сёньня кааліцыя перажывае арганізацыйны крызіс, і неабходныя прапановы па яе рэструктурызацыі.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч прапанаваў схему арганізацыйнага пераадоленьня крызісу з выкарыстаньнем мясцовых выбараў.

Сутнасьць прапановы: усе партыі, якія ўваходзяць у кааліцыю, вылучаюць кандыдатаў на мясцовыя выбары шляхам збору подпісаў. Тыя кандыдаты, якія зьбяруць 500 і болей подпісаў, незалежна ад рэгістрацыі іх ці нерэгістрацыі на выбарах і вынікаў саміх выбараў, пасьля выбараў аўтаматычна становяцца дэлегатамі Кангрэсу АДС, які прымае далейшыя рашэньні. Такая прапанова павінна стымуляваць актыўнасьць і канкурэнтнасьць паміж партыямі, прымусіць іх больш эфэктыўна працаваць.

"Натуральна, - адзначае Віктар Івашкевіч, тут няма стоадсоткавай гарантыі, што, калі мы прымем гэтую прапанову, у кааліцыі будзе кіраваць Партыя БНФ. Усё залежыць ад працы людзей кожнай асобна ўзятай партыі. Тыя, хто незадаволены сваім месцам у кааліцыі, маюць шанец заняць лепшае месца. Вядома, ёсьць пагроза, што малыя партыі ня здолеюць вылучыць па 500 кандыдатаў. Але зноў жа ўсё залежыць ад іх настойлівасьці й актыўнасьці".

Падчас абмеркаваньня прапановы Віктара Івашкевіча на Сойме галасы падзяліліся на тых, хто лічыць такую прапанову небясьпечнай для пазыцыі Партыі БНФ і Аляксандра Мілінкевіча ў кааліцыі, і тых, хто перакананы, што Партыя БНФ мае ўсе шанцы стаць вядучай сілай у кааліцыі і падняць рэйтынг адзінага кандыдата. Было прынята рашэньне стварыць камісію з сябраў Сойму, якія прытрымліваюцца розных думак па гэтым пытаньні. Камісія будзе шукаць кампрамісныя шляхі ажыцьцяўленьня прапановы Віктара Івашкевіча, якая, дарэчы, ужо перададзеная для абмеркаваньня ПКБ, АГП, партыі Працы, БСДП "Грамада" і іншым суб'ектам кааліцыі.

На 30 жніўня прызначаная Палітычная Рада, на якой працягнецца абмеркаваньне схема Віктара Івашкевіча выхаду з арганізацыйнага крызісу кааліцыі з выкарыстаньнем мясцовых выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?