«Кухня да душы». Морыц Бляйбтрой па-ранейшаму правіць баль.

«Кухня да душы». Морыц Бляйбтрой па-ранейшаму правіць баль.

«Кухня да душы» (анг. Soul Kitchen, рас. «Душевная кухня»), камедыя, Нямеччына, 2009 г., 99хв., рэж. Фатых Акін)

Пакуль у «Кіеве» доўгія чэргі па квіткі патрабуюць хлеба і аватарышчаў, у «Доме Кіно» паказваюць шыкоўную камедыю за крыхотны бюджэт.

Адначасова з наведнікамі Берлінскага кінафэсту беларускі глядач можа ўбачыць камедыю «Кухня да душы», якая ўжо пабывала на Венецыянскім кінафэсце, адкуль прывезла адмысловы прыз журы, а свайму рэжысёру здабыла рэпутацыю сталага кінакухара, які здольны выдатна даць рады любой страве: як горкай, так салодкай.

Вундэркінд нямецкага кіно Фатых Акін выдаў чарговы кулінарна-кінематаграфічны шэдэўр з кухні свайго імігранцкага сэрца.

Для Акіна, турка з паходжання і немца паводле грамадзянства, галоўны стан — памежны: Усход і Захад, кабанас і шаўрма, Нямеччына і Турцыя (або як у гэтым выпадку — Грэцыя), свае і чужыя. Любімыя персанажы: імігранты з пасведчаннем няўдачніка, афіцыянткі з шармам Марлен Дытрых. Пасля драмы «Галавой аб сценку», якая распавядала пра жыццё туркаў у ФРН ды здолела атрымаць у 2004 годзе «Залатога Мядзьведзя», Акін здымае камедыю пра нямецкія прыгоды ўжо грэцкай дыяспары.

Абы да душы, добра і ў шалашы: вялікі бюджэт у фільме толькі ў самім сюжэце (сімпатычнаму ўладальніку Зінасу Казанзакісу да зарэзу трэба здабыць 200 тысяч еўраў за сваю потам і мазалём здабытую страўню), а грошы на спэцэфекты, відаць, усе пайшлі на выраб неймаверных памераў (ня сорамна павесіць нават на макаўку бажніцы) залатога крыжа аднаго з героя камедыі, грэцкага бандыта.

Але нягледзячы на фінансавыя абмежаванні, героі фільма, новапрыбылыя гамбургцы, відовішчна ўлюбляюцца з першага ўдара ў галаву, весяляцца — ажно чэрці выюць, любяцца — ажно сапраўдныя порнаакторы кусаюць локці. Хочацца спасярод кінатэатру па міжземнаморскай звычцы бразнуць талерку аб зямлю і станчыць на аскабалках сіртакі, на поўныя застаўкі загарлаўшы: «О-п-па! Вось гэта фільм!».

Ліза Кавальчык

П.С. А яшчэ ў меню «Кухні да душы»: ураджэнец Польшчы, зорка нямецкага кіно Морыц Бляйбтрой («Бяжы, Лола, бяжы!»), які са сваёй неардынарнай знешнасцю даўно давёў, што проста і лёгка можа граць і ўзбека («Луна-папа»), і італьянца (драма «Саліна»). Гэтым разам Бляйбтрой іскрамётна ўяўляе заганнага, але такога сімпатычнага грэка, клінічнага гульца і прыроджанага крымінальніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0