Культура88

«Мы, беларусы» — занадта памяркоўная мелодыя

Гутарка пра гімны свецкія, духоўныя і гімн нацыянальны з кіраўніком хора «Унія» Кірылам Насаевым. З нагоды выхаду новага дыску калектыва.

Кіраўнік хора «Унія», аўтар нашумелага ў свой час аўдыёзборніка «Беларускія маршы і песні. Змагарная лірыка», Кірыла Насаеў выдаў новы дыск «Музыка беларускіх храмаў». У ім сабраныя рэлігійныя гімны беларускіх хрысціянскіх канфесіяў. У інтэрв’ю «НН» знаны хормайстар дзеліцца развагамі пра прыроду царкоўных гімнаў і дае ацэнку свецкім «галоўным песням». Ад «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» да «Мы, беларусы».

На дыску «Музыка беларускіх храмаў» сабраныя праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія музычныя творы XV--XXI ст. Усяго 24 трэкі: гімны, псалмы, часткі літургіі, канты, а таксама ўрыўкі з «Слонімскага сшытка» і Берасцейскага канцыянале. У запісе дыска ўзялі ўдзел хор «Унія», хор Петрапаўлаўскай царквы, народны хор.

Музыка беларускіх храмаў/Religious Music of Bielarus. Серыя «Беларуская музычная калекцыя». Мінск: «Вігмагруп», 2009.

«НН»: Спадар Кірыла, нашто ўсе канфесіі пад адной вокладкай?

Кірыла Насаеў: «Міжканфесійнасць» дыску тлумачу найлепш гістарычнымі прычынамі, у Беларусі адразу некалькі канфесіяў жылі ў сімбіёзе. Вядома, не абыходзілася без боек і крыві, але таксама было суіснаванне і квітнела ўзаемнае ўзбагачэнне.

Па-другое, на ладную частку ўсёй беларускай рэлігійнай музыкі паўплывалі народныя спевы, якія стаяць па-за канфесійнасцю. Дзеля лепшай ілюстрацыі возьмем беларускія пратэстанцкія напевы, якія трапілі сюды не без дапамогі канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага ў XVІ ст. — менавіта ён запрасіў сюды польскіх рэлігійных кампазітараў Цяпрыяна Базыліка і Вацлава з Шамотул.

Палякаў скарыла мелодыка беларускіх напеваў, яны пачалі складаць рэлігійныя творы ў агульнаеўрапейскай стылістыцы, але ж у якіх адчуваецца моцны ўплыў народных песень. Падобны сплаў кананічнага з народным адбываўся і ў каталікоў, і ў праваслаўных.

«НН»:У 1998-м выйшаў у сьвет альбом «Беларускія маршы і песні. Лірыка змаганьня» ў выкананні мужчынскага хору «Унія». На ім — амаль камернае выкананне «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Тэраўскага, «Пагоня». Але ж не было месца для гімна «Магутны Божа»…

КН: Паміж царквой і дзяржавай павінна быць мяжа. Калі на фестывалі «Магутны Божа» зводны хор чалавек пад тысячу спяваў гэтую выдатную песню — тое ўражвала і сапраўды нараджалася пачуццё, якое можа атрымаць ад праслухоўвання гімну. Але

«Магутны Божа» — царкоўны гімн, а не свецкі. Гімн хай сабе і надканфесійны, але ўсё ж рэлігійны.
У палякаў ёсць такая Gaude Mater Polonia («Весяліся, Маці-Польшча»), яе выконваюць ва ўсіх бажніцах у якасці яднальнага гімну вернікаў, але ж у іх ёсць і дзяржаўны «Яшчэ Польшча не загінула», бо ж вернікі і грамадзяне — розныя паняцці.

«НН»: Сяргей Дубавец сказаў, што сваім альбомам «Маршы і песні» вы паставілі пытанне, якая песня павінна стаць гімнам, і што ў тым гімне мусіць быць. Па часе пасля выдання, што скажаце: якім мае быць беларускі гімн?

КН: Так, з агульнаэстэтычнага і музычнага гледзішча ў мяне ёсць крытычныя заўвагі да ўсіх песняў, якія прэтэндуюць называцца беларускім гімнам.

«Пагоня» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — песні змагарныя, вайсковыя, ваенныя. Тут вайна і паход, мэтаскіраванасць рухаў, але няма асэнсавання ўласнай мінуўшчыны. Цяперашні дзяржаўны гімн Сакалоўскага «Мы, беларусы» — наадварот, надта памяркоўная мелодыя, а трэба такая, каб было змаганне, незалежнасць
усё ж.

Разумееце,

пакуль няма дзяржавы, угрунтаванай на нацыянальных каштоўнасцях, — ня можа быць і сапраўдных сімвалаў. Калі народ усвядоміць, што ідзе пад сцягам, — толькі тады з’явіцца адпаведны гімн.
Вядома, найперш сцяг: гэта адчуванне вялікага мінулага і повязь часоў. А гімн у дадатак — як маніфест цяперашняга пакалення, сучаснасці, сённяшняй дзяржавы. І, як паказвае досвед іншых краінаў, у прыватнасці, Францыі, мяняць гімн можна. Ну, і дадайце класічная форма: запеў, прыпеў, пара паўторкаў.

«НН»: Дык што, ідэальнага варыянту гімна няма?

КН:У легендарным, знойдзеным Адамам Мальдзісам у польскіх архівах, «Полацкім сшытку», ёсць кампазіцыя, якая так і называецца «Гімн». Сучасную аркестроўку для яе зрабіў кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. На маю думку гэта гатовы гімн — велічная, магутная мелодыя, старажытная — яшчэ з XVII ст. Хіба, да мелодыі пакуль бракуе словаў.

«НН»: Калі ў 1998 вы з хорам «Унія» запісвалі «Маршы і песні», ці было адчуванне, што робіце нешта выключнае, тое, што пойдзе ў народ?

КН: Для нас, музыкаў, удзельнікаў камернага хору і людзей з класічнай музычнай адукацыяй, «Маршы і песні» былі поп-праектам у добрым сэнсе гэтага слова. Тады — а я маю на ўвазе перыяд ад канца 80-х да пачатку 2000-х — была эпоха, якую я б назваў рэнесансам рамантызму. Усе свае праекты я рабіў з нейкім такім натхненнем. Час быў гімнавы — аднаўлення дзяржаўнае, царкоўнае, духоўнае. Нават не надта заўважалі на няўдачы: расійскі дэфолт, які падтачыў бюджэт альбома, і тагачасны пераход з касетаў на СD-кружэлкі, які зрабіў наш праект не такім пашыраным.

«НН»: Ці плануецца перавыданне «Маршаў і песняў» на CD?

КН: Плануецца, але не прадбачыцца. Няма часу на гэтую па вялікім рахунку тэхнічную працу. Хутчэй,

выйдзе новы дыск «Маршы і песні-2», у нас жа назапасіўся цэлы пласт лірычных, а таксама застольных песняў.

Кірыла Насаеў. Нар. у 1960 ва Украіне. Дырыжор, хормайстар. Скончыў Беларускую акадэмію музыкі. Кіраўнік хораў «Унія», Fama Bona, «Менка». Адзін з адраджальнікаў мужчынскіх камерных спеваў у Беларусі. Сфера прафесійных зацікаўленняў: літургічная музыка, філасофія старадаўняй музыкі.

Каментары8

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

Карл ІІІ у Канадзе: Сапраўдная Поўнач моцная і свабодная1

Мінчук з яркай знешнасцю выкладае сэксі-танцы і вучыць мастацтву разняволення9

Латушка: У мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай5

Як працуе Беларуская акадэмія: еўрапейская адукацыя на роднай мове6

На Байкале падлетак забіў нажом чатырох таварышаў на дні нараджэння і падпаліў дом

Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы5

Гурт «Дразды» аб'явіў пра развітальныя гастролі

Пятрухіну забаранялі весці стрым з канфэрэнцыі ў Варшаве. Ён супраціўляўся, а пасля стаў таемна запісваць аўдыя14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць