Прадстаўнік абвінавачання запатрабаваў для віцебскага апазіцыянера Алега Сургана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Пра гэта паведаміла віцебскі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец.

Суд над Сурганам пачаўся ў Віцебску 9 лютага. Ён абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 Крымінальнага кодэкса (насілле або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў. Сурган знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, аднак вечарам 27 студзеня ён быў затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар.

Як паведаміла Севярынец, падчас спрэчак на судзе пракурор заявіў, што Сургана варта пакараць пазбаўленнем волі ў калоніі строгага рэжыму, бо ён двойчы быў асуджаны за крымінальныя злачынствы — кішэнныя крадзяжы. Апрача таго, міліцыянер Сяргей Дудкевіч, якога Сурган нібыта ўкусіў за палец, змяніў свае іскавыя патрабаванні — зараз ён патрабуе кампенсацыі маральнага ўрону не ў 1 млн рублёў, як раней, а ў 10 млн.

Ён абгрунтаваў гэта тым, што пасля інцыдэнту з Сурганам ён быў вымушаны перайсці на больш нізкую пасаду з больш нізкай аплатай.

Абарона Сургана настойвае на яго невінаватасці на той падставе, што паказанні супрацоўнікаў міліцыі разыходзяцца з паказаннямі іншых сведак.

Рашэнне па справе Алега Сургана будзе вынесена 19 лютага.

Інцыдэнт, у сувязі з якім праходзіць судовы разбор, адбыўся 3 верасня 2009 года. Як паведаміла Таццяна Севярынец, Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту каля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант нехта вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. У пратаколе, складзеным у Кастрычнікім РУУС Віцебска, Сургана абвінавацілі ў вывешванні сцяга, аднак пазней гэты пратакол некуды прапаў, а замест яго з'явіўся іншы: нібыта, Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні ўкусіў міліцыянера за палец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?