Валадар мора жыве на высьпе Маёрка. Ён смаліць дрэнныя цыгарэткі, носіць караценькія падраныя джынсавыя шорты ды выцьвілую на міжземнаморскім сонцы бэйсболку. Валадар сноўдае туды-сюды, нібы зламаны ківач ды хаатычна размахвае рукамі. Ягонае падбародзьдзе па-старэчы трасецца, а з вуснаў зьлятаюць кроплі сьлюны ды неразборлівая каталёнская скарагаворка. Ён займаецца аховай хваляў - забараняе чужаніцам кранаць нагой мора. Стужка пляжу даўжынёй у паўсотні мэтраў прызначаная толькі для гасьцёў суседняга гатэлю. Надыходзіць ноч. Госьці сьпяць, чужаніцы распужанцыя, а на пляжы адно дзядок-маёрканец, які вартуе сваё мора, пустыя шэзлёнгі ды шоргат хваляў.

Піва, сэкс, Балерман

Выспа Маёрка - заходнеэўрапейскі Крым. Мора, скалы, турысты. З замежных, найперш - немцы. Яны і запачаткавалі сумна вядомую традыцыю алькагольнага турызму, чыёй Мэкай зьяўляецца пляжны прамэнад ля Пальмы, сталіцы выспы. Найперш гэта знакамітая кнайпа «Балерман», дзе нямецкія турысты трускаюць нямецкія сардэлькі ды жлукцяць нямецкае піва пад нямецкамоўныя балерманаўскія хіты-шлягеры пра адвечныя каштоўнасьці вакацыяў: выпіўку, сэкс, сонца. Непадалёк баварцы ў капелюшах ды скураных шортах з падцяжкамі на голае цела дасьледуюць ракушкі на пляжы. Турыст з Бону абкружаны парканам пустых піўных бутэлек, утыркнутых рыльцам у пясок. Радзіма-Дойчлянд, дый годзе - хіба што ля сонечнага мора.

Нездарма ў 1993 г. дэпутат Бундэстагу ад кансэрватыўнай партыі ХДС Дыёніс Ёбст прапанаваў набыць Маёрку за 50 мільярдаў дойчмарак ды зрабіць яе 17-й фэдэральнай зямлёй Нямеччыны. «Маёрка павінна быць нямецкай!» - выбухнула загалоўкам бульварна газэта «Більд». Жыхары выспы ды нават сам гішпанскі кароль не на жарт пакрыўдзіліся, а калегі-дэпутаты не прынялі прапановы ўсур’ёз. У пэўным сэньсе «плян Ёбста» зьдзейсьніўся: рэшту ў касах маярканскіх крамаў даўно даюць эўрацэнтамі, ці не палова якіх мае на сабе выяву нямецкага дубовага лістку ці Брандэнбурскай брамы - начыньне кішэняў нямецкіх турыстаў.

Шматмоўная выспа

Сваім гістарчным лёсам Маёрка дужа нагадвае Беларусь. Выспа заўжды ляжала на перакрыжаваньні гандлёвых шляхоў. Мірнае насельніцтва марыла пасьці авечак ды разводзіць фрукты, а мусіла адбівацца ад заваёўнікаў ды піратаў. Спачатку выспу заваявалі рымляне ды за палову тысячагодзьдзя лацінізавалі мясцовае насельніцтва. Але потым прыйшлі вандалы і дашчэнту спляжылі цудоўныя палацы ды тэрмы. Вандалаў прагналі бізантыйцы, а тых - маўры. Трохсотгадовае мусульманскае кіраваньне ў 13 стагодзьдзі скончылі каталёнцы, адваяваўшы выспу ды зруйнаваўшы шыкоўныя мячэты ды бані. Каталёнская мова зноў зрабілася мовай Маёркі - да канца 17 стагодзьдзя, калі выспа падпадае пад уладу Гішпаніі. 19 ст. - новая спроба моўнага адраджэньня, і - зноў адкат назад пасьля Грамадзянскай вайны ды прыходу да ўлады дыктатара Франка щ 1930-х.

Больш за тры з паловай дзесяцігодзьдзі каталёнская мова была афіцыйна забароненая ды выгнаная з грамадзкага жыцьця на карысьць гішпанскай.

Толькі дзякуючы неверагодным высілкам апошняга часу давялося дамагчыся таго, што на высьпе запанавала рэальнае дзьвюхмоўе. Праўда, і дагэтуль той замежнік, хто спрабуе задаць пытаньне па-каталёнску, а балазе па-маярканску, найхутчэй атрымае адказ па-гішпанску: спрацоўвае каляніяльны рэфлекс мясцовага насельніцтва.

На розных баках караценькай вулачкі ў мястэчку Порт дэ Саер глядзяць адзін на аднога два маленькіх супэрмаркеты-блізьняты. У адным прадавачкі кажуць па-каталёнску ды прадаюць таньнейшыя таматы. У іншым - больш смачны хлеб, ды - выключна гішпанская мова ля прылаўку. Выбірай што хочаш, балазе што ангельскую ды нямекую мовы ведаюць і там і тут. На Маёрцы, як нідзе, веданьне мовы - гэта жывыя грошы.

Якар у хмары

На пошукі аўтэнтычнай Маёркі той-іншы выпраўляецца на паўночны ўсход выспы зь яго стромымі скаламі ды маленькімі камяністымі пляжамі. У навакольных садах ля горнай вёсачкі Дэя сьпелыя апэльсыны ды цытрыны падаюць на зямлю. Уздоўж дарогі цягнецца высокі доўгі мур з камянёў, змацаваных рудой глінай. На драўляных дзьвярах цыдулка: «Джон, мы не патрапілі ў дом, бо забыліся ключы. Будзем а дзявятай увечары». За густымі дрэвамі ўгадваецца вялікая віла. Горная дарога-сэрмантым робіць кола, яшчэ адно, узьбіраецца вышэй... Яшчэ адны вароты - і такая самая цыдулка. Бачна, гэты Джон адхапіў сабе немалы кавалак гары. Так, дзякуючы турызму Маёрка зрабілася самым багатым рэгіёнам Гішпаніі. Але менавіта з-за нямецкіх ды брытанскіх інвэстараў ды маклераў цэны на нерухомасьць на Маёрцы дасягнулі такіх вышыняў, узяць якія большасьці гішпанцаў не пад сілу. Палова зь 550 жыхароў вёскі - замежнікі з туга набітымі гаманцамі.

Дарога кружляе, матляцца ды прыводзіць да перакрыжаваньня. Турысткі-лацінаамэрыканкі са скуластымі індэйскімі тварамі пачуваюцца тут як дома, атабарыўшыся разваліўшыся на прыпынку ў чаканьі аўтобуса. Далёка ўнізе, у марской бухце, белая яхта кідае якар у ценю хмары, якая зачапілася за гару.

Марскі тэатар

Турысты любяць Маёрку і сваіх сабакаў, а таму бяруць іх з сабой у адпачынак. Ды толькі сабакі Маёрку ненавідзяць. Лябрадоры панура матляюцца па брукаваных дворыках, блакітнавокія лайкі ляжаць, высалапіўшы языкі, на гаўбцах, а ваўчары хаваюць пысы ў цень пальмаў.

Яны відавочна не разумеюць, што цікавага ў гэтым незразумелым сьпякотным краі, з усіх бакоў абкружаным вадой, якая пячэ язык сольлю. Таму сабакі без шкадаваньня застануцца дома, пакуль іх гаспадары пойдуць сустракаць заход сонца. Апошні карабель ледзь пасьпее ўзьняцца па сонечнай дарожцы, як вогненная сфэра дасьць нырца ў люстраную ваду. Прыціхлая аглядная пляцока выбухае аплядысмэнтамі. Чарговая дзея бясконцага маярканскага спэктаклю скончаная. Антракт - уначы, за столікамі рэстарацыяў. Працяг - нараніцу, зь першымі крыкамі чаек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?