Танджа Мамаду.

Танджа Мамаду.

У Нігеры — заходнеафрыканскай дзяржаве з насельніцтвам каля 15 млн чалавек — адбыўся вайсковы пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады і арыштаваны прэзідэнт краіны Танджа Мамаду.

Змоўшчыкі, пасоля таго як захапілі прэзідэнцкі палац, звярнуліся да народа па тэлевізіі і абвясцілі, што дзеянне канстытуцыі Нігера прыпынена, а ўсе дзяржаўныя інстытуты з гэтага часу не працуюць. У краіне ўведзена каменданцкая гадзіна, яе межы закрытыя.

Прэзідэнт, які кіраваў краінай больш за дзесяць гадоў, знаходзіцца пад арыштам. Паведамляецца, што вайскоўцы таксама арыштавалі членаў яго ўрада.

Сітуацыя ў Нігеры ўcпыхнула ў жніўні мінулага года, калі Танджа Мамаду унёс змены ў канстытуцыю краіны,

якія дазвалялі яму займаць пасаду прэзідэнта на працягу неабмежаванага часу.

Гэты крок выклікаў рэзкае асуджэнне ўнутранай апазіцыі і іншых афрыканскіх краін: сяброўства Нігера ў рэгіянальнай заходнеафрыканскай арганізацыі было прыпынена.

Ваенныя, што ажыццявілі пераварот, абяцаюць аднавіць дэмакратыю ў краіне і перамагчы карупцыю.

Праўда, суседнія краіны пераварот асудзілі.

Нігер абвясціў аб незалежнасці ў 1960 годзе, да гэтага ён належаў Францыі. З тых часоў дзяржава неаднаразова аказвалася ва ўладзе ваенных. Краіна лічыцца адной з самых бедных у свеце, хоць валодае значнымі запасамі карысных выкапняў, у прыватнасці, урана і нафты. Наяўнасць урану робіць краіну аб'ектам пільнае ўвагі амерыканскіх і французскіх спецслужбаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?