У пятніцу, 19 лютага, хакейная зборная Беларусі правяла другі матч на алімпійскім турніры ў Ванкуверы. Падапечным Міхаіла Захарава супрацьстаяла зборная Швецыі. Беларусы саступілі 2:4, але мелі шанец у трэцім перыядзе звесці матч да нічыёй.

Лік па перыядах: 0:2, 1:1, 1:1.

Калі два перыяды для беларусаў скончыліся амаль бязрадасна,

то ў трэцім нашыя абудзіліся і падарылі вясёлы хакей. Скарацілі лік да мінімуму і працягвалі атакаваць вароты шведаў.

Прыкладам, пры ліку 2:3 у перакладзіну трапіў Канстанцін Захараў.

Нашыя змагаліся-атакавалі да апошняй хвіліны, і прапусцілі чацвёртую шайбу за дзесяць секундаў да канца трэцяга перыяду.

Шайбы: 0:1 – 06:40, Даніэль Сэдзін; 0:2 – 09:04, Даніэль Альфрэдсан; 0:3 – 29:35 – Ёхан Франзэн, 1:3 – 34:55 – Дзмітры Мялешка, 2:3 – 52:33 – Дзмітры Мялешка, 2:4 – 59:50 – Даніэль Альфрэдсан.

Вароты беларусаў бараніў Андрэй Мезін.

***

Калі ў Мінску была раніца суботы скончыўся другі матч у нашай групе.

Зборная Фінляндыі разграміла Германію - 5:0

Становішча камандаў: Фінляндыя – 6 (2, 10—1), Швецыя – 6 (2 гульні, баланс шайбаў 6—2), Беларусь – 0 (2 гульні, 3—9), Германія – 0 (2, 0—7),

Нагадаем, што 17 лютага зборная Беларусі прайграла Фінляндыі – 1:5, а Швецыя выйграла ў Германіі – 2:0.

Зборная Беларусі сустрэнецца з Германіяй, калі ў Мінску будзе 7-я раніцы нядзелі.

***

Незалежна ад занятага ў групе месца падапечныя Міхаіла Захарава працягнуць выступ на Алімпіядзе.

І нават пазмагаюцца за выхад у чвэрцьфінал, куды паспрабуюць трапіць праз плей-оф кваліфікацыі 1/4 фіналу, матчы якога пройдуць 23 лютага.

Наўпрост у чвэрцьфінал выходзяць тры пераможцы квартэтаў, а таксама лепшая сярод камандаў, якія занялі другія месцы.

Астатнія восем удзельнікаў хакейнага турніру Алімпіяду пашыхтуюцца паводле ранжыру у залежнасці ад іх турнірных паказчыкаў папярэдняй стадыі (месца ў групе, колькасць набраных балаў, розніца шайбаў ды г.д.).

У кваліфікацыйным раўндзе плэй‑оф 5‑я каманда сустрэнецца з 12‑й, 6‑я — з 11‑й, 7‑я — з 10‑й, 8‑я — з 9‑й.

Пакуль пасля двух тураў у нашай групе ў зводнай табліцы ўсіх зборных беларусы займаюць 9-е месца. Горшыя за нас вынікі маюць Германія, Нарвегія і Латвія.

Як было напісана вышэй у кваліфікацыйным плей-оф, 9-я каманда сустрэнецца з 8-й. Пакуль гэта Швейцарыя, але яны правялі пакуль адзін матч і сёння вечарам гуляюць з Нарвегіяй. У выніку перамогі яны перамесцяцца ўверх.

Каб таксама аказацца ў такім рэйтынгу як мага вышэй, трэба перамагаць Германію, і тады ў кваліфікацыі плей-оф будзем гуляць з цалкам прымальнымі па сіле зноў такі Германіяй, Латвіяй (калі Славакія пераможа іх нядзелі) ці Нарвегіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?