Сябар апальнага Саюза палякаў распавёў пра сына, затрыманне і суд.

Сёння раніцай 20 лютага ў Гродне выйшлі на волю кіраўнікі апальнага Саюза палякаў Ігар Банцар, Мечыслаў Яскевіч і Андрэй Пачобут, якія адбывалі пакаранне ў выглядзе 5 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Ігар Банцар, які трымаў галадоўку цягам усяго арышту, выйшаў першым а 6-й гадзіне. Праз гадзіну вызвалілі Андрэя Пачобута і Мечыслава Яскевіча. На волі іх сустракалі паплечнікі.

Андрэй Пачобут расказаў НН пра нараджэнне сына, акалічнасці затрымання і суд. «Пра сына даведаўся яшчэ да затрымання. У «Палоніку» патэлефанаваў гэбіст і расказаў пра гэта. Слухаўку падняў Банцар, ад яго я і даведаўся». У сваім блогу Андрэй пасля вызвалення напіша:

«Думаю, што Яраслаў вырасце неслабым партызанам :-) Таму што КГБ пачало за ім сачыць, яшчэ да ягонага нараджэння».

У суд Пачобута адвозілі прадстаўнікі ці не паловы абласной міліцыі. Раніцай 15 лютага яго знялі з папуткі ў раёне Іўя, заявіўшы, што ён падобны на чалавека ў вышуку. Мясцовыя міліцыянты адвезлі яго на мяжу з Шчучынскім раёнам, дзе перадалі тамтэйшым калегам. Шчучынскія міліцыянты давезлі яго да мяжы з Гродзенскім раёнам і ўжо гродзенскія міліцыянты прывезлі яго ў суд. «Гэта пры тым, што ў мяне была павестка ў суд на 15 гадзін і я нікуды не збіраўся ўцякаць», – кажа Андрэй Пачобут. Па яго словах, менавіта размовы з міліцыянтамі з розных райаддзелаў у часе таго ранішняга этапу з Іўя ў Гродна яго найбольш уразілі.

«Няма ў міліцыі таго запалу, з якім многія з іх намагаліся нас выцяць у 2005 г. Цяпер міліцыянты кажуць, што ўсё разумеюць, што адчуваюць, на чыім баку праўда, але – у іх загад». Пачобут кажа, што супрацоўнікі міліцыі ўвесь час скардзіліся на малыя заробкі, адабраныя льготы, казалі пра цякучку кадраў. Папулярнасць Лукашэнкі рэзка ўпала сярод міліцыі ў параўнанні з 2005 г., мяркуе Пачобут.

Суд 15 лютага быў фармальным. Пачобут не адмаўляў таго, што арганізоўваў і прымаў удзел у несанкцыянаванай акцыі. «Мае довады, што ў сённяшняй сітуацыі мы не мелі іншага выйсця, што за апошнія 5 гадоў ніводнае мерапрыемства нам не дазволілі правесці, суддзю не зацікавілі».

Не сустрэў прыхільнікаў сённяшняй улады Андрэй і ў ІЧУ. Зрэшты, кажа ён, іх і раней там было вельмі не шмат.

Напрыканцы гутаркі Андрэй Пачобут падзякаваў сябрам, паплечнікам, калегам і ўсім неабыякавым людзям за падтрымку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?