В.Радзько ці С.Семянюк (№28, 31) закранаюць Праграму К.Каліноўскага і дзейнасьць Грамадзкага камітэту абароны рэпрэсаваных. Хай бы яны паглядзелі нам, маці, у вочы і спыталі, ці хочам мы сваіх сыноў аддаваць у турму, як «партнэрцаў», ці на «хімію»?

Яны ведаюць, колькі нам, матулям, бабулям гіпэртаніяў і стэнакардыяў каштуюць гэтыя крымінальныя справы? Ці хочам мы нашых дарагіх, разумных, таленавітых, натхнёных хлопчыкаў і дзяўчат аддаваць у жэрла гэтай ненасытнай рэпрэсіўнай машыны, заведзенай яшчэ са сталінскіх часоў? Ці можам мы з гэтым зьмірыцца?

Вось таму сабраліся бацькі яшчэ ў сакавіку пад сьценамі Акрэсьціна, згуртаваліся, каб абараніць дзяцей, лепшую моладзь, падумаць, што мы можам разам зрабіць. Так паўстаў Камітэт. Другія бацькі сабраліся ў Жодзіна ля муроў вязьніцы. Бацькі зарганізаваліся, іх ініцыятыву падтрымалі лідэры дэмакратычнай апазыцыі. Дзякуючы свайму аўтарытэту у Эўропе, Іна Кулей і Аляксандар Мілінкевіч дамагліся атрымаць стыпэндыі і для беларускіх юнакоў і падпісалі пагадненьне з польскім урадам. Гэта мы прымаем нечаканыя падарункі сусьветнай салідарнасьці, а не дыктуем замежным краінам: зрабіце нам так, ці так. Палякі цалкам прапанавалі сваю праграму: курсы мовы, знаёмства з краінай, дзённае навучаньне. Мы гэтыя ўмовы прынялі з удзячнасьцю. Мы ня можам навязваць свае патрабаваньні: зрабіце нам завочнае аддзяленьне. Ёсьць Украіна, ЭГУ – калі ласка, завочнае. 230 чалавек – гэта зусім ня многа, проста маленькая школка, Беларусь нічога не губляе, юнакі і там у Эўропе будуць працаваць на карысьць Радзiме, як гэта добра зразумеў П.Севярынец.

Калі ласка, не друкуйце плётак ці абстрактных развагаў, так просім мы вас, бацькі.

Няхай той, хто разважае, правільна ці няправільна робіцца, прыйдзе ў Камітэт і скажа: 1) Чым я магу дапамагчы? 2) Дайце мне адрасы вязьняў і іх сем’яў, я напішу лісты, зраблю пасылкі.

Думка пра кантроль над Камітэтам зусім здаецца абразьлівай і блюзьнерскай. У Камітэт уваходзяць прадстаўнікі «Вясны», АГП, ЗБС і іншых грамадзкіх арганізацыяў, і бацькі. Усе рашэньні прымаліся калегіяльна, і адбор быў даволі строгі.

Кажучы пра кантроль, можна прыйсьці да такой думкі, як было з Марынічам: быццам ён сам у сябе скраў кампутары. Гэта проста зьдзек.

Можа, Вы пракантралюеце, колькі сваёй душы гэтыя жанчыны аддалі нашым дзецям, колькі перадач занесьлі ў вязьніцу, колькі свайго здароўя аддалі, марозячыся і сустракаючы ўначы з Акрэсьціна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?