У дзень успаміну Маці Божай Чэнстахоўскай 26 жніўня 2006 г. у Ашмянах (Гродзенская дыяцэзія) распачалося святкаванне стагоддзя пабудовы мясцовага парафіяльнага касцёла. Святкаванне працягнецца да ўрачыстасці другога апекуна парафіі святога Міхала Арханёла, што будзе адзначацца 29 верасня. Ва ўрачыстасці ўзяў удзел Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка.

Гісторыя ашмянскай парафіі налічвае ўжо шмат стагоддзяў, а пры хросце мясцовага насельніцтва напрыканцы XVI ст. прысутнічаў сам кароль Ягайла. Можна без перабольшання сказаць, што святыня з’яўляецца самым прыгожым будынкам у мястэчку, якое сёння налічвае 18 тысяч жыхароў. За стагоддзе свяайго існавання касцёл перажыў рознае: у гады «ваяўнічага атэізму» ён быў забраны у вернікаў і тут некалькі дзесяцігоддзяў размяшчаўся завод. За апошнія гады ў вернутай святыні быў зроблены капітальны рамонт і адноўлены фасад.

У гэты дзень у святыні сабралося некалькі тысяч вернікаў з Ашмянаў, а таксама ўраджэнцаў мястэчка, якія зараз жывуць за мяжою: у Расіі, Літве, Польшчы… Пробашч ашмянскай парафіі кс. Ян Пузына, які разам са сваімі парафіянамі аднавіў святыню, шчыра прывітаў усіх удзельнікаў урачыстасці: біскупа Антонія Дзям’янку, святароў, манахаў і манашак, а таксама шматлікіх вернікаў.

Біскуп Антоній Дзям’янка, які цэлебраваў урачыстую святую Імшу, у сваёй гаміліі ўзгадаў гістарычную перамогу, якая адбылася праз заступніцтва Маці Божай з Яснай Гары, а таксама нагадаў пра пагрозы для чалавека, сям’і і хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія існуюць у сучасным свеце. Толькі заступніцтва Маці Божай і навяртанне да Яе Боскага Сына можа дапамагчы чалавецтву супрацьстаяць выклікам, якія кідае яму «цывілізацыя смерці». Інстытут сям’і – гэтая найменшая і асноўная клетачка грамадства – можа захавацца і развівацца толькі тады, калі свет прыслухаецца да голасу Касцёла і яго вучэння ў галіне сужэнства і сям’і.

Ашмянская святыня са стогадовай гісторыяй, якая з’яўляецца своеасаблівым сімвалам адраджэння хрысціянскіх каштоўнасцяў, будзе і надалей служыць вернікам і дапамагаць ім пераадольваць крызісы і цяжкасці ў духоўным жыцці на тым шляху пілігрымаў, які вядзе да Бога. На заканчэнне ўрачыстасці са словамі прывітання да прысутных звярнуліся дзекан Лідскі кс. пр. Вінцэнт Лісоўскі і адзін з былых ашмянскіх парафіянаў, які цяпер як святар служыць у Польшчы.

Пасля св. Імшы адбыўся святочны канцэрт з удзелам хрысціянскіх музычных гуртоў з Ліды і з Польшчы. У спевах, а таксама ў дэкламаваных вершах і ўрыўках прозы ўдзельнікі канцэрта выказалі падзяку Богу за дар святыні ў Ашмянах, а таксама тым, хто яе пабудаваў і аднавіў.

Фота з урачыстасьці

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?