На праблему польскай меншасці ў Беларусі трэба глядзець шырэй, заявіў кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузак на прэс‑канферэнцыі ў Бруселі 23 лютага.

Прэс‑канферэнцыя адбылася пасля сустрэчы Бузака з лідэрам руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам і старшынёй неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Анжалікай Борыс.

«Мы казалі пра сітуацыю ў Беларусі, — цытуюць кіраўніка Еўрапарламента замежныя інфармагенцтвы. — Націск ідзе на ўсю беларускую апазіцыю, на незалежныя арганізацыі, на нацыянальныя меншасці, сярод якіх польская меншасць у гэты час найбольш пакрыўджаная, і трэба зрабіць усё, каб абараніць яе правы».

Паводле слоў Бузака, «для Польшчы, безумоўна, найбольш значным з’яўляецца польская меншасць у Беларусі».

«Але калі мы хочам вырашыць гэтую праблему, то павінны паставіць яе шырэй,

— падкрэсліў ён. — Трэба казаць пра пагрозы для дэмакратыі, для дэмакратычных свабод, для ўсіх незалежных арганізацый. У Беларусі зноў запоўнены турмы, і не толькі прадстаўнікамі польскай меншасці, часова арыштаванымі, але і проста дзеячамі беларускай апазіцыі».

Ежы Бузак паведаміў, што рэзалюцыя па Беларусі будзе прынята Еўрапарламентам пасля больш глыбокага азнаямлення з сітуацыяй. Ён спадзяецца, што дэлегацыя Еўрапарламента, якая прыбудзе ў Мінск 25 лютага, дасць аб’ектыўную ацэнку падзеям у краіне.

Першапачаткова рэзалюцыю па Беларусі Еўрапарламент планаваў прыняць 25 лютага. Аднак, паводле інфармацыі Польскага радыё, група парламентарыяў, сацыялісты і камуністы, выступілі супраць, заявіўшы, што спачатку належыць пачакаць вынікаў візіту дэлегацыі Еўрапарламента ў Беларусь.

Як паведамілі ў прэс‑службе парламента ЕС, чакаецца, што рэзалюцыя па Беларусі

будзе разгледжана ў межах пленарнай сесіі 8—11 сакавіка ў Страсбургу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?