У Брэсце ў выніку падзення лёду з даху дома пацярпела дзесяцімесячная дзяўчынка, якую везлі ў калясцы.
Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, 23 лютага ў 17.30 у Ленінскі РАУС Брэста паступіла паведамленне з абласной дзіцячай бальніцы аб тым, што ў рэанімацыйнае аддзяленне
з закрытай чэрапна‑мазгавой траўмай, страсеннем галаўнога мозгу, пераломам лобнай косці і пераломам правай ключыцы
паступіла 10‑месячная дзяўчынка, якая пацярпела ад падзення на яе лёду з даху дома.
Пашкоджанні дзіця атрымала прыкладна ў 15.40 на вуліцы Карла Маркса каля дома №10, непадалёк ад прыпынку грамадскага транспарту. Паводле інфармацыі начальніка ЖЭС‑1 Пятра Дацука, на тэрыторыі якой знаходзіцца гэты дом,
жанчына разам з дзіцем у калясцы выйшла з тралейбуса і пайшла па вуліцы Карла Маркса.
Паводле яго слоў, каля дома, з якога ўпаў кавалак лёду, была выстаўлена агароджа.
Як паведамілі ў абласной дзіцячай бальніцы,
медыкі ацэньваюць стан дзіцяці як сярэдняй цяжкасці.