А пісаць Грыша ўмее

— Дык, значыць, малады чалавек, на чым мы спыніліся ў мінулы раз? — спакойна і сур'ёзна запытаўся следчы.

А на плячах у маладога чалавека толькі што былі капітанскія пагоны, на грудзях — баявыя ордэны высокае пробы. I прысудзілі яшчэ дзесяць год. Прычым адным з асноўных злачынстваў значыліся ўцёкі.

А ўцёкі былі такія. Вайна падыходзіла да Мінска. Урад і партапарат уцякалі першыя на чале з Панамарэнкам. Вязняў мінскае турмы вывезлі ў лес пад Чэрвень. Перад тым як замесці сляды (сталінскі афарызм быў у дзеянні: «Есть человек, есть проблема, нет человека, нет проблемы»), прапанавалі крымінальнікам адысці ўбок. Ён быў палітычны. Не выйшаў. Калону энкавэдысты расстралялі з кулямётаў і, каб не было памылак, у давяршэнне закідалі гранатамі. Калі заціхлі стрэлы і выбухі, малады чалавек (чуў, як у яго каля вуха прасвісталі дзве кулі) падняўся. На супрацьлеглым канцы крывавага капца ўбачыў жывога. Бег да яго сапраўды ашалеўшы. Гэта быў паляк аднекуль з-пад Брэста. Паляк запытаўся: «То тэраз до немцув?» Малады чалавек заківаў галавой: «Не могэн, естэм жыдэм». Паляк удакладніў, ці абрэзаны ў яго, малады чалавек адказаў, што так. Абняліся і разышліся ў розныя бакі.

У бліжэйшым ваенкамаце малады чалавек сказаў, што ён з мясцін пасялення. Стомлены паджылы капітан цвёрда перапыніў: «Нічога я не чуў. Забудзься, што казаў мне. Вось табе прадпісанне, ваюй!» I ваяваў. I даваяваўся.

У Патсдаме забралі ваеннага карэспандэнта Рыгора Саламонавіча Бярозкіна. А перад чарговай пасадкай (першы раз пасадзілі ў 37-м) паспеў атрымаць водпуск, пабыць у Маскве. Не ўцярпеў і ў Мінск наведаўся да сваіх, да родных. А нехта даў сігнал куды трэба. Кажуць, што, магчыма, той, пра каго пісаў пасля лагераў Рыгор Бярозкін як пра здольнага, той, што ў апошнія гады жыцця найлепшага крытыка ў п'яных прыступах даводзіў, быццам Бярозкін у скрынках з-пад артылерыйскіх снарадаў развозіў на фронце сіянісцкую літаратуру.

…I рэдка каму магло прыйсці ў галаву, хто першы раз бачыў, чуў Бярозкіна, што прайшоў гэты дасканалец думкі і слова кругі не Дантавага, а яшчэ страшнейшага савецкага пекла. Бо ў часіны добраахвотна-прымусовага зліцця моў асобу «опрометчивую» кіравалі ў апраметную.

…Не хацеў і ніколі не казаў Рыгор Саламонавіч пра ўсё чорнае і пакутнае. Свой боль, свой жах насіў у сабе. I міглівымі іскрынкамі жартаў і досціпаў адганяў змрок напамінаў і ўспамінаў. Хоць такім чынам уцякаў ад цяжару, які ціснуў на ягоную ўражлівую, поўную дзяціннасці душу. Таму і засталося ад Бярозкіна шмат вясёлага і задзірыстага, светлага і радаснага, бяскрыўдна-хітрынкавага і глыбока роздумнага.

…Заходжу ў «Неман». Рыгор Саламонавіч праглядае рэдакцыйную пошту. Разгарнуў «Знамя юности». Там асвятляецца тыдзень саду. На развароце шапка: «Пасадзіш дрэва — друг вырасце». Заядлы курэц завівае колькі пасмаў дыму за вуха і працягвае ўслых: «Пасадзіш друга — дрэва вырасце». Захінае газету.

У Віцебску па бруку падскоквае матацыкл. Матацыкліста абдымае, каб не ўпасці, дамачка. Бярозкін кінуў сваім па-шчупаковаму пукатым вокам і патлумачыў: «Перед употреблением взбалтывать». Якраз стаялі мы непадалёку ад аптэкі.

…Уяўна глыбакадумнага крытыка ахрысціў Бярозкін вундэрхундам. Гэта пра яго распавядаў. Ідзе згорблены, нібыта пуды мудрых думак нясе. Бярозкін у яго і пытаецца, чаму такі замаркочаны, такі заклапочаны. Адказвае, што дужа хвалюе яго лёс паўднёвав'етнамскай паэзіі.

Любіў Бярозкін распавяданне нібыта Рыгора Няхая. Гэта пародыя на псеўдапартызанскую героіку: «Сяджу ў стозе сена. Вакол немцы. Выпіць хочацца, а ў кішэні ні рубля...»

…Паказваў у асобах сцэну ў Саюзе пісьменнікаў, калі было шмат сакратароў. Прыдумаў псіхалагічна дакладна. Прымаюць у Саюз былую партызанку, журналістку з «Советской Белоруссии».

Шамякін кажа пераканаўча, што ведаў мужа пісьменніцы, рэдактара абласной газеты, сапраўднага камуніста. Трэба прыняць.

Брыль на правільнай рускай мове гаворыць коратка, падтрымлівае прапанову.

Мележ кажа, што нічога не чытаў паступанткі, але неяк ішоў ля «Сінтэтыкі», пачынаўся дождж. Стаў пад дашак магазіна. I тут паступантка сказала, што ёй дужа падабаюцца «Людзі на балоце». Гэта сведчыць пра тонкі густ пісьменніцы. Трэба прыняць.

Панчанка маўчыць, нервова змагаючыся з самім сабой.

Ставіцца на галасаванне пытанне аб прыёме ў Саюз пісьменнікаў. Усе падымаюць рукі. Панчанка з-за пляча паўдалані...

Жарты жартамі, а здзіўляў Рыгор Бярозкін і маладых, і старых выключным веданнем сусветнай паэзіі. Гадзінамі мог чытаць па памяці ад беларускай, рускай, украінскай да антычнай класікі. Чытаць так, як не могуць чытаць ні акцёры, ні паэты. А сам жа быў выдатным паэтам. Пісаў на ідыш, па-руску, па-беларуску. Віртуозна і пашанліва дакладна перакладаў паэзію. Ды нічога не сабрана, не захавана.

Аркадзь Куляшоў рабіў захады, каб вызваліць яго, калі гэта было небяспечна. А некаторыя ўжо вызваленага крытыка хацелі вызваліць ад хлеба надзённага. Не давалі працы, не друкавалі. Перабіваўся рэцэнзіямі, як чорнарабочы літаратуры. I заставаўся нязломнадухім.

…Згадалася здарэнне. Прынёс Бярозкін у выдавецтва прадмову да зборніка паэзіі Хаіма Мальцінскага. Прыскакаў на мыліцах і Мальцінскі. (Гэта Мальцінскі даводзіў Бярозкіна на першых часах пасля жаніцьбы Рыгора Саламонавіча адным і тым жа пытаннем: «Грыша, ці быў ты сёння мэлах элаін (анёлам зверху)?») Спачатку ветлівае ўзаемавітанне. Потым слова за слова і перайшлі на ідыш. Спрэчка набірала разгон. Паэт замахнуўся на крытыка мыліцай. Бярозкін убягае ў пакой (асноўная эмацыянальная размова ішла на калідоры) і патрабуе аддаць яму прадмову, хоча падраць. Мне як рэдактару трэба заўтра здаваць зборнік у набор. Хаваю прадмову. Бярозкін выбягае. Праз які час заходзіць ужо спакойны Мальцінскі. Просіць даць яму пачытаць прадмову. Чытае, святлее не толькі абліччам, але і душой і, быццам нічога толькі што не здарылася, думае ўслых:

— Што ні кажы, а пісаць Грыша ўмее...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?