«Рэжым вядзе кампанію траўлі мяне, як лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл, пры гэтым не цураецца цынічных і амаральных метадаў. Пасля хвалі рэпрэсіяў у дачыненні да маіх калег і аднадумцаў, улада пачала жорсткі прэсінг і запалохванне маіх родных. Аб’ектамі пераследу і ачарнення абраныя дзеці, і гэта гаворыць пра тое, што дзеля дасягнення сваіх мэтаў улада не будзе грэбаваць ніякімі сродкамі.

Сёння рэжым спрабуе даказаць сваю сілу ваюючы з маімі дзецьмі. Мэта гэтай вайны відавочная - максімальна абмежаваць маю палітычную дзейнасць, аказаць псіхалагічны ціск і дэмаралізаваць мяне і маіх калег па аб’яднаным дэмакратычным сілам. Гэта бессэнсоўныя і безнадзейныя спробы. Улада, якая хаваецца за дзяцей, не мае маральнага права кіраваць краінай.

Сённяшнія брутальныя дзеянні рэжыму сведчаць, што акцыя салідарнасці, якую ініцыявалі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, мае відавочны поспех. Улада стварае атмасферу страха ў грамадстве, мы гэты страх разбураем. Свабодныя людзі, якія пазбавіліся страху, ніколі не падтрымаюць існуючы рэжым. Улада гэта ўсведамляе, таму ўсімі магчымымі спосабамі імкнецца перашкодзіць нашай салідарнасці.

Так, сёння, ініцыятары, аўтары і выканаўцы гэтай кампаніі траўлі адчуваюць беспакаранасць і ўседазволенасць! Але Беларусь абавязкова дачакаецца часу, калі тыя, хто робіць з дзяцей «ворагаў народа», адкажуць за свае дзеянні перад законам.»

Нагадаем, што 23 жніўня ў эфіры праграмы «Панарама» Першага Нацыянальнага канала Беларускага тэлебачання быў паказаны чарговы сюжэт пра тое, што сын Аляксандра Мілінкевіча выключаны за «п’яны дэбош» з Праграмы дапамогі рэпрэсаваным студэнтам, якую падтрымлівае польскі ўрад. А 27 жніўня той жа тэлеканал паведаміў, што ў адносінах да сына Іны Кулей, жонкі Аляксандра Мілінкевіча, заведзена крымінальная справа. Яго вінавацяць у ўхіленні ад агульнай вайсковай павіннасці. Паводле БТ хлопец быццам бы падаў у Брэсцкі ваенкамат фальшывую медычную даведку. Аляксандр Мілінкевіч катэгарычна абверг інфармацыю, агучаную БТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0