Пра гэта ён сказаў на вельмі цёплай сустрэчы з Віктарам Юшчанкам.

«Галоўная мэта майго прыезду падзякаваць табе за ўсё тое, што ты зрабіў для Беларусі як прэзідэнт, гэта было шчыра. Цябе нават называлі беларускім адвакатам», — сказаў А. Лукашэнка, звяртаючыся да экс-прэзідэнта краіны Віктара Юшчанкі.

Гэта перадаюць з Кіева інфармацыйныя агенцтвы.

Лукашэнка паведаміў, што сёння ў часе сустрэчы з новым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам ён зрабіў акцэнт на гэтым.

«Юшчанка зрабіў для Беларусі вельмі шмат у кірунку на дарозе да Захаду. Я б вельмі хацеў, каб гэта было працягнута і пры Януковічу», — цытуюць А. Лукашэнку агенцтвы.
У сваю чаргу, Юшчанка падкрэсліў дасягненні Украіны на шляху дэмакратыі. Ва Украіне навучыліся перадаваць уладу новаму кіраўніцтву без майданаў, сказаў ён. Як вядома, Януковіч стаў ужо чацвёртым прэзідэнтам Украіны, тады як у Беларусі ўладу манапольна захоўвае Лукашэнка.

У сваю чаргу, Лукашэнка заўважыў, што «ва Украіне вельмі хораша, акуратна і спакойна адбылася змена ўлады». Ён бачыць у тым вялікую заслугу і Віктара Юшчанкі.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ідэі незалежнасці і дзяржаўнасці Украіны, якія нёс Віктар Юшчанка, прараслі вельмі глыбока.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА таксама цытуе гэтыя выказванні Лукашэнкі, але замяніла «ты» на «вы» ў звароце Лукашэнкі да Юшчанкі.

* * *

У адносінах Украіны і Беларусі наступае новы этап, заявіў новаабраны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 25 лютага ў Кіеве.

«Мы гатовы разам з вамі разгледзець усе асноўныя стратэгічныя кірункі развіцця нашых адносінаў, — цытуе Януковіча прэс‑служба прэзідэнта Украіны. — Я гатовы працаваць разам з вамі, каб эканамічныя добрасуседскія адносіны паміж нашымі краінамі дынамічна развіваліся».

«Я не забыў і не забуду радзіму сваіх продкаў — Віцебскую вобласць», — падкрэсліў Віктар Януковіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?