Дэлегацыя Эўрапарлямэнту па дачыненьнях зь Беларусьсю падтрымала вылучэньне лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча на атрыманьне прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі»
«Цягам апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызнаных міжнароднай супольнасьцю несвабоднымі і несправядлівымі, Аляксандар Мілінкевіч меў адвагу асабіста кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку — апошняму дыктатару Эўропы» – гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе, распаўсюджаным з нагоды вылучэньня.
Дэлегацыя па дачыненьнях зь Беларусьсю лічыць, што Аляксандар Мілінкевіч заслугоўвае права быць ляўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава. «Аляксандар Мілінкевіч здолеў падчас прэзыдэнцкай кампаніі аб’яднаць сілы апазыцыі і выказаў жаданьне большай часткі беларускага грамадзтва аднавіць дэмакратычныя правы і палітычныя свабоды ў Беларусі. Акрамя таго, ён правёў масавыя акцыі пратэсту супраць недэмакратычнай прыроды выбараў і быў затрыманы ўладамі, за тое, што даў магчымасьць людзям паверыць ва ўласную моц і абараняць іх фундамэнтальнае права на свабоду выказваньняў і сходаў».
Вылучаючы Аляксандра Мілінкевіча на атрыманьне прэміі імя А. Сахарава, Эўразьвяз пацьвярджае сваю пазыцыю ў дачыненьні да ацэнкі сытуацыі ў Беларусі.
«Дадзенае рашэньне Эўрапарляменту дало б моцны сыгнал беларусам, што Эўразьвяз застаецца цалкам адданым пэрспэктывам свабоды і дэмакратыі ў тым ліку і ў Беларусі і, што мы не дапускаем парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў».
Сахараўская прэмія ўручаецца штогод пачынаючы з 1988 г. за дасягненьні ў справе змаганьня за правы і асноўныя свабоды чалавека, за абарону правоў меншасьцяў, павагу да міжнароднага права, унёсак у развіцьцё дэмакратыі і адстойваньне вяршэнства закона. Першым лаўрэатам прэміі А. Сахарава (1988) быў Нэльсан Мандэла; у 2004 г. прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.