У апошнюю нядзелю лютага беларускія студэнты Любліна (Польшча) сабраліся ў Доме Фонду Яна Паўла ІІ, каб паразмаўляць на тэму роднай мовы
. Спатканне адбылося пасля святой Імшы і было прымеркавана да Дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага. На пачатку спаткання прагучаў духоўны гімн «Магутны Божа», пасля чаго прысутныя даволі спантанічна выказалі жаданне напісаць традыцыйную дыктоўку і праверыць сваё веданне беларускай мовы. Моладзь, якая зусім нядаўна выйшла з-за школьных партаў, мела магчымасць зноў духам вярнуцца на ўрок беларускай мовы. Яны з вялікай увагай і стараннасцю ўзяліся за напісанне дыктоўкі паводле аднаго з тэкстаў Уладзіміра Караткевіча. На сустрэчы прысутнічалі таксама асобы з Украіны, якія з радасцю ўзялі ў руку асадку і паспрабавалі пісаць па-беларуску. Варта заўважыць, што ў іх нядрэнна атрымалася, як на першы раз, а іх адвага і салідарнасць, у любым выпадку, вартыя найвышэйшай пахвалы.

Пасля дыктоўкі распачалася жывая гутарка пра родную мову, падмацаваная прыкладамі з жыцця, жартамі і смешнымі гісторыямі. Прагучалі шчырыя прызнанні пра свядомы выбар беларускай мовы ў якасці асноўнага сродка камунікацыі, а таксама аповяды пра прыкрыя сітуацыі, звязаныя з выкарыстаннем беларускай мовы ў публічных месцах. Урэшце, усе пагадзіліся з меркаваннем, што трэба любіць і шанаваць родную мову, абараняць яе і распаўсюджваць, але ні ў якім разе не за кошт іншых моў, бо ўсе мовы з’яўляюцца Божым дарам і сведчаць пра бязмежную Боскую вынаходлівасць. Была падкрэслена асабістая місія кожнага чалавека прывіць адданасць да роднай мовы сваім дзецям і клапаціцца пра іх выхаванне на глебе хрысціянскіх каштоўнасцяў, сярод якіх адно з важных месцаў займае любоў да Айчыны, пра што неаднаразова ўспамінаў Ян Павел ІІ у сваім грамадскім навучанні. Патрыятызм з’ўляецца выкананнем 4 запаведзі, паводле якой належыць ушаноўваць сваіх бацькоў. Родная зямля, як і бацькі, з’ўляецца нашай карміцелькай, якая дапамагае ўзрастаць целу і духу чалавека. Вынікам спаткання было сцверджанне, што асабістае сведчанне трапяткога стаўлення да роднай мовы, гісторыі і культуры павінна дапамагаць справе адзінства і ўзаемаразумення ў вялікай людской сям’і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?