Пісьменнік Сяргей Дубавец агучыў «Дэкларацыю адзінства культуры», у якой выказваецца за стварэнне непадзельнай беларускай культуры.

«Усе падзелы паміж намі сыходзяць з іншых сфер грамадскага і дзяржаўнага ўладкавання», — сцвярджае сп. Дубавец. Ён адзначае, што сёння канфлікт паміж лаяльнымі і нелаяльнымі да ўладаў творцамі, штучна створаны яшчэ ў савецкія часы, вычарпаны.

«Беларуская нацыя мусіць завяршыць працэс свайго фармавання перад абліччам глабалізацыі, каб стаць яе ўдзельніцай, а не ахвярай.

Пад сілу гэтая задача толькі адзінай беларускай культуры».

Сяргей Дубавец кажа, «што ўсе скіраваны да адзінства і грунтуюцца на глыбокай любові да нашай Радзімы-Беларусі, прасякнуты клопатам пра яе заўтрашні дзень», нягледзячы на тое, што «палова з нас гаворыць па-беларуску, а палова — па-расійску. Палова падтрымлівае афіцыйную палітыку, палова крытыкуе яе».

Для таго, каб ліквідаваць неабазнанасць у культуры, сп. Дубавец прапанаваў рэкламаваць пісьменнікаў, музыкаў, філосафаў. «У пэўны дзень мы ўсе ў той форме, якую пажадаем, будзем прыгадваць тых самых дзейных асоб культуры, хто сёння рэальна спрычыняецца да яе багацця і здабыткаў, незалежна ад таго, у які «лагер» яго запісала пагалоска». Гэта паспрыяе яднанню ўсёй беларускай нацыі вакол такіх зразумелых паняткаў, як «наш культурны герой», «выдатны твор мастацтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?