На памежным пераходзе "Бераставіца" затрымалі трох грамадзян Беларусі, якія вярталіся зь Беластоку. Падстава - кнігі ў салёне аўто.

Уладзімер Цярохін і яго сябры і не падазравалі, што гістарычную літаратуру, якая легальна выдаецца і распаўсюджваецца на тэрыторыі Польшчы і Беларусі, нельга правозіць празь мяжу. Кожны з затрыманых меў пры сабе камплект зь дзевяці кніжак і часопісаў (кожнай па адным асобніку), якія яны атрымалі ад сяброў Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку. Сярод кніг - "Доўгая сьмерць Крынак" С.Яновіча, "СБМ. Вяртаньне з забыцьця" Ц.Клыкоўскай, "Кара за служэньне народу" М.Пецюкевіча, "Дванаццатка" Я.Запрудніка .

Спачатку мытнік, убачыўшы кнігі, пабег кансультавацца з начальствам. Вярнуўшыся, загадаў адагнаць машыну на "яму". Там ужо аўто агледзелі дасканала, кажа У.Цярохін.

Пасьля надгляду мужчынаў дапыталі. "Дзе ўзялі кнігі? Каму везьлі? Ці чыталі самі?" Супрацоўнік мытні тав.Кавальчук дрэнна валодаў беларускай. Таму складаньне пратаколаў расьцягнулася на тры гадзіны, да самае раніцы. Уцямна растлумачыць прычыну канфіскацыі літаратуры мытнікі ня здолелі, спаслаўшыся на загад начальства і на тое, што ў зборніку матэрыялаў "Наш радавод" утрымліваюцца зьняважлівыя зьвесткі пра прэзыдэнта Беларусі. "Зьнявагай" аказалася меркаваньне пра тое, што Лукашэнка дрэнна выказваецца на адрас палякаў.

Сябры БГТ накіравалі лісты пратэсту на адрас пасла ў Варшаве Паўла Латушкі ў сувязі з канфіскацыяй іх выданьняў на мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?