Лідэр Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) Сяргей Калякін аддаў перавагу не чарговаму паседжаньню палітычнай рады дэмакратычных сілаў, але візыту да паплечнікаў на Віцебшчыну, у час якога прапанаваў аб’яднаньне ў Саюз левых сілаў, правядзеньне рэспубліканскага сходу рабочых ды заклікаў да кампрамісу перад мясцовымі выбарамі.

На сходзе прадстаўнікоў левых партыяў і арганізацыяў Калякін прапанаваў аб’яднаньне ў Саюз левых партыяў на агульнавыпрацаванай плятформе. Дзеля гэтага, па яго словах, спатрэбіцца правесьці альбо агульны зьезд, альбо канфэрэнцыю ці кангрэс. Лідэр ПКБ адзначыў, што прынцыповых разыходжаньняў у левых замала, праграмы супадаюць амаль на 90 адсоткаў, таму вялікіх перашкодаў дзеля аб’яднаньня няма. Зараз рыхтуецца навукова-практычная канфэрэнцыя, якая павінна выпрацаваць адпаведныя захады і дакумэнты, што стануць асновай маніфэсту ці плятформы.

Калякін падкрэсьліў аднак, што гэткае аб’яднаньне нельга разглядаць як альтэрнатыву шырокай кааліцыі дэмакратычных сілаў. Зараз апазыцыйныя партыі і арганізацыі яднаюцца па агульных мэтах і задачах, галоўная зь якіх – перабудова дзяржаўнага ладу. Дзеля абмеркаваньня будучыні Беларусі варта было б таксама падрыхтаваць і правесьці навукова-практычную канфэрэнцыю, якая разгледзела б шляхі разьвіцьця краіны, перабудову дзяржаўных і грамадзкіх інстытуцыяў. Найлепшае вырашэньне Калякін бачыць у стварэньні парлямэнцкай рэспублікі, але з захаваньнем на пераходны пэрыяд прэзыдэнцкай пасады з прадстаўнічымі функцыямі.

Першачарговым накірункам працы Калякін лічыць правядзеньне рэспубліканскага сходу рабочых, які дасьць магчымасьць паслухаць прадстаўнікоў пралетарыяту, параіцца зь імі наконт наступных крокаў барацьбы з рэжымам і, калі атрымаецца, стварыць Савет рабочых камітэтаў. Сакратар ПКБ зьвярнуўся да прысутных прадстаўнікоў партыяў і арганізацыяў з прапановай шукаць ды вылучаць дэлегатаў на гэты сход.

Калякін адзначыў значную ролю існуючай палітычнай рады дэмакратычных сілаў, якая вызначае асноўныя напрамкі дзейнасьці апазыцыі, але, на жаль, не ахоплівае ўсёй структуры палітычных сілаў Беларусі ды незаўсёды адлюстроўвае спадзяваньні шэраговых сябраў дэмакратычных арганізацыяў. Аднак гэткія аб’яднаньні навучаюць дыялёгу і кампрамісу, да чаго Калякін і заклікаў абласныя арганізацыі.

Калякін падтрымаў ідэю кангрэсу дэмакратычных сілаў ды прапанову Віктара Івашкевіча па зборы подпісаў на мясцовых выбарах, якія і будуць мандатам будучых дэлегатаў. Пры гэтым Калякін падкрэсьліў, што лідэры партыяў і арганізацыяў у першую чаргу павінны пайсьці на асабісты збор подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?